Кардынал Курт Кох Кардынал Курт Кох 

Кардынал Кох: Месія не апраўдваў вайну, а заклікаў імкнуцца да міру

“Калі падзелы ёсць паміж намі, як мы можам дапамагчы гэтаму свету, дзе працягваюцца канфлікты і войны?” – прапанаваў задумацца кардынал Курт Кох, прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Падводзячы вынікі першага году пантыфікату Льва XIV з экуменічнага пункту гледжання, кардынал Кох звярнуў увагу на імкненне да аднаўлення адзінства ў веры. На яго думку, на гэта ўказвае дэвіз Папы, у якім падкрэсліваецца, што толькі ў Хрысце мы з’яўляемся адзінымі, а таксама ўдзел Святога Айца ў святкаванні 1700-годдзя Нікейскага Сабора, якое мела выразны хрысталагічны характар.

Кардынал Кох падкрэсліў важнасць пераадолення падзелаў паміж хрысціянамі. “Калі падзелы ёсць паміж намі, як можам дапамагчы гэтаму свету, дзе працягваюцца канфлікты і войны? Гэта не толькі пытанне дыпламатыі ці кампрамісу, але і пытанне веры,” - сказаў ён у інтэрв’ю выданню “La Croix”.

Прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству прызнаў, што ў апошнія гады экуменічныя адносіны сутыкаюцца з новымі праблемамі. У дыялогу з англіканамі перашкодай з’яўляюцца такія пытанні, як благаслаўленне аднаполых саюзаў і пасвячэнне жанчын, асабліва цяпер, калі жанчына ўпершыню стала прымасам Англіканскай Супольнасці.

Кардынал Кох заўважыў, што адзінства Цэркваў прадугледжвае ўзаемнае прызнанне служэнняў. “Аднак нельга патрабаваць ад Каталіцкага Касцёла прызнання пасвячэння, якое ён лічыць тэалагічна немагчымым,” - заявіў іерарх, падкрэсліваючы, што ў выпадку англіканаў “шлях да еднасці становіцца ўсё больш складаным”.

Кардынал Кох звярнуў увагу таксама на цяжкасці ў дыялогу з праваслаўем, прычынай якіх назваў глыбокія падзелы ў самім праваслаўным свеце. У выніку каталіцка-праваслаўны дыялог ужо мае не двухбаковы, а шматбаковы характар, адзначыў ён.

Іерарх таксама назваў катэгарычна непрымальным выкарыстанне рэлігіі для апраўдання вайны, што, на яго думку, сведчыць аб памылковым разуменні веры. “Месія не апраўдваў вайну, а заклікаў імкнуцца да міру,” - нагадаў прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству.
 

07 красавіка 2026, 11:46