Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Кардынал Ю: малітва адкрывае шлях да прыняцця паклікання

Прэфект Дыкастэрыі па справах духавенства ўзначаліў малітоўнае чуванне ў інтэнцыі новых пакліканняў, якое прайшло ўвечары 24 красавіка 2026 года ў рымскай Базіліцы Святога Яна на Латэране.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Малітоўная сустрэча адбылася напярэдадні 63-га Сусветнага дня малітвы аб пакліканнях, які будзе адзначацца ў 4-ю Велікодную нядзелю, называную “Нядзеляй Добрага Пастыра”.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў чування, кардынал Ю звярнуў увагу на тры словы, якія ўтрымліваюцца ў пасланні Папы на сёлетні Сусветны дзень малітвы аб пакліканнях: спыніцца, слухаць і даверыцца. Іерарх падкрэсліў, што яны “вызначаюць слушны падыход, неабходны для саспявання ўсякага сапраўднага паклікання”.

Прэфект заўважыў, што менавіта малітва адкрывае шлях да адносін з Панам, а таксама да магчымасці прыняць дар паклікання – гэта значыць цалкам прынесці ў дар сваё жыццё ў святарстве, манаства, кансэкраваным жыцці, сужэнстве ці свецкім служэнні.

Удзельнікі малітоўнага чування ў інтэнцыі новых пакліканняў
Удзельнікі малітоўнага чування ў інтэнцыі новых пакліканняў

Падчас малітоўнага чування гучалі сведчанні і чыталіся ўрыўкі з паслання Святога Айца. Малітоўную атмасферу падтрымлівалі музычныя творы ў выкананні хору Рымскай дыяцэзіі пад кіраўніцтвам ксяндза Марка Фрызіны.

Кульмінацыяй падзеі стала святая Імша, якую ўзначаліў Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі, кардынал Бальтасарэ Рэйна. У гаміліі ён заўважыў, што пакліканне нараджаецца не дзякуючы ўласным намаганням, але адносінам з Богам.

“Ты не сам “будуеш” свой шлях; ты пакліканы заставацца ў Хрысце, дазволіць Яму любіць цябе; быць злучаным з Ім. З гэтай еднасці нараджаецца ўсё” – такім чынам пакліканне — гэта не толькі рашэнне, якое трэба прыняць, не толькі праект, які трэба рэалізаваць, не толькі адказ, які трэба даць. У першую чаргу, гэта сувязь, якую трэба захаваць”, - дадаў іерарх.

Кардынал Бальтасарэ Рэйна падчас малітоўнага чування ў інтэнцыі новых пакліканняў
Кардынал Бальтасарэ Рэйна падчас малітоўнага чування ў інтэнцыі новых пакліканняў

Кардынал Рэйна адзначыў, што галоўнае – гэта навучыцца слухаць, глыбока і ўважліва асэнсоўваць, што Бог звяртаецца да майго жыцця выключным і асабістым чынам. На яго думку, логіка актывізму любым коштам павінна быць пераадолена, бо прыносіць плады, паводле Евангелля, – гэта не тое, што вымяраецца лічбамі, атрыманым ухваленнем і затрачанай энергіяй.

“Плод, які мы павінны прыносіць, не з’яўляецца наступствам нашай эфектыўнасці, але вынікам нашай еднасці адзін з адным і з Богам”, - сцвердзіў Папскі вікарый.

“Калі ж мы давяраемся Богу – нараджаецца іншы плод: не плод бачнасці, але той, што застаецца ў часе; не плод пыхі, а бескарыслівай любові; не плод, які вымяраецца статыстыкай і “падабайкамі”, а той, што па-сапраўднаму сілкуе Касцёл і свет і стварае будучыню. Гэта плод паклікання, пражытага ў штодзённай вернасці, у настойлівай малітве, у бязмоўнай любові”, - адзначыў у гаміліі кардынал Рэйна.
 

25 красавіка 2026, 11:00