Ватыкан: ініцыятыва ў абарону дзяцей ад насілля
Марыя Валодзіна – Vatican News
Мерапрыемства пачнецца 3 мая ў 10 гадзін раніцы і завершыцца апоўдні малітвай “Уладарка неба” з удзелам Льва XIV.
Як паведаміла інфармацыйнае агенцтва SIR, тэма сёлетняга мерапрыемства – “Больш не адны” (“Mai più soli”). Яна прыцягвае ўвагу да становішча дзяцей і падлеткаў, якія не маюць бяспечнай гавані, але дзякуючы дапамозе і падтрымке могуць вярнуцца да паўнавартаснага жыцця. Гэта таксама заклік да нашай агульнай адказнасці за абарону дзяцінства.
У мерапрыемстве возьмуць удзел дзеці і падлеткі, сведкі іх гісторый, а таксама прадстаўнікі ўстаноў і трэцяга сектара. Праграма прадугледжвае супольныя разважанні пра тое, як абараніць дзяцей у рэальным жыцці і ў інтэрнэце.
“Гэты Дзень – не проста падзея, а моцны заклік да ўсіх, хто стаіць на баку непаўналетніх, каб ніводнае дзіця не засталося без абароны”, - адзначыў заснавальнік “Meter” ксёндз Фартуната Дзі Нота. Ужо амаль 40 гадоў арганізацыя вядзе барацьбу з педафіліяй і дзіцячай парнаграфіяй, а таксама абараняе правы дзяцей.
Падчас сустрэчы будзе прадстаўлена справаздача цэнтра слухання “Крохкія галасы”, у якой прыводзяцца сведчанні пра выпадкі злоўжыванняў і псіхалагічнага насілля, а таксама даныя даследаванняў і апытанняў, праведзеных у італьянскіх школах. Справаздача дазваляе глыбей зразумець як уразлівасць, так і патэнцыял сучаснай моладзі.
Спецыяльнае выданне, падрыхтаванае да гадавіны ініцыятывы, падсумоўвае 30 гадоў яе дзейнасці. У ім змешчаны розныя матэрыялы – ад пасланняў Папы да сведчанняў людзей, якія падтрымлівалі місію “Meter” у розных кутках свету.