Арцыбіскуп Губертус Матэус Марыя ван Мэген Арцыбіскуп Губертус Матэус Марыя ван Мэген 

Святы Айцец прызначыў новага нунцыя ў Германіі

Шматгадовы Апостальскі нунцый у Германіі, арцыбіскуп Нікола Этэравіч, завяршыў сваё дыпламатычнае служэнне. Святы Айцец прызначыў яго наступнікам арцыбіскупа Губертуса ван Мэгена.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

9 красавіка 2026 года Леў XIV прыняў адстаўку арцыбіскупа Этэравіча з пасады нунцыя ў Германіі ў сувязі з дасягненнем узроставай мяжы. У студзені папскаму дыпламату харвацкага паходжання споўнілася 75 гадоў. Ён прадстаўляў Святога Айца ў Берліне трынаццаць гадоў.

Новым нунцыем у Германіі прызначаны 64-гадовы арцыбіскуп Губертус Матэус Марыя ван Мэген. Дыпламат паходзіць з Нідэрландаў. Ён праходзіў падрыхтоўку ў Папскай касцельнай акадэміі ў Рыме. З 2014 па 2019 год быў нунцыем у Судане і Эрытрэі, а з 2019 па 2024 год – у Паўднёвым Судане.

З 2019 па 2026 год, да свайго прызначэння ў Берлін, арцыбіскуп ван Мэген быў прадстаўніком Папы ў Кеніі, а таксама Пастаянным назіральнікам пры Праграме ААН па навакольным асяроддзі і Праграме ААН па населеных пунктах.
 

09 красавіка 2026, 12:47