Эмблема ААН Эмблема ААН  (AFP or licensors)

Святы Пасад заклікае да справядлівага фінансавання развіцця

Даўгавы цяжар стрымлівае дзяржаўныя інвестыцыі ў ахову здароўя, адукацыю і сацыяльную абарону, у той час як ваенныя выдаткі растуць. Такая сітуацыя з’яўляецца не толькі палітычным, але і маральным правалам, - адзначыў прадстаўнік Святога Пасада ў ААН.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Дарадца місіі Пастаяннага назіральніка Святога Пасада пры ААН ксёндз Марка Фарміка прыняў удзел у пасяджэнні Эканамічнага і сацыяльнага савета (ЭКАСАС) па пытаннях фінансавання развіцця, якое прайшло ў Нью-Ёрку 23 красавіка 2026 года.

У звароце ён нагадаў, што на папярэднім форуме ў Севільі цяперашняя мадэль фінансавання развіцця была прызнаная неэфектыўнай. Тэрмінова патрабуюцца больш амбіцыйныя і справядлівыя падыходы да фінансавання развіцця.

Заключанае ў ліпені 2025 года Севільскае пагадненне падкрэслівае неабходнасць ставіць чалавека ў цэнтр усіх дзеянняў. Рамачныя механізмы і фінансавыя інструменты павінны разглядацца ўсяго толькі як сродкі для дасягнення мэты. Іх каштоўнасць павінна вымярацца іх здольнасцю спрыяюць захаванню годнасці кожнага чалавека і дабрабыту ўсіх, асабліва бедных і найбольш уразлівых груп насельніцтва, - нагадаў дыпламат.

Асаблівую занепакоенасць Святога Пасада выклікае павелічэнне разрыву паміж міжнароднымі абавязацельствамі і рэальным становішчам мільярдаў людзей, асабліва ў найменш развітых краінах, дзяржавах без выхаду да мора і малых астраўных дзяржавах. Даўгавы цяжар стрымлівае дзяржаўныя інвестыцыі ў ахову здароўя, адукацыю і сацыяльную абарону, у той час як выдаткі на ўзбраенне растуць, - адзначыў ксёндз Фарміка, назваўшы такое становішча не толькі палітычным, але і маральным правалам.

Прадстаўнік Святога Пасада заклікаў багатыя краіны выконваць прынятыя на сябе абавязацельствы па аказанні афіцыйнай дапамогі ў мэтах развіцця, а таксама зрабіць механізмы палягчэння даўгавога цяжару больш даступнымі і празрыстымі. Прыватныя інвестыцыі павінны арыентавацца не толькі на прыбытак, але і на агульнае дабро. У той жа час краіны-даўжніцы пакліканы карыстацца сродкамі больш адказна і накіроўваць іх на рэальнае развіццё.

Назіральнік скончыў прамову словамі Льва XIV: "Калі мы прызнаем, што ўсе людзі маюць роўную годнасць незалежна ад месца нараджэння, то нельга ігнараваць велізарныя адрозненні паміж краінамі і рэгіёнамі".
 

24 красавіка 2026, 10:19