Збор гарбаты на Тайвані Збор гарбаты на Тайвані  (AFP or licensors)

Святы Пасад заклікае развіваць інавацыі ў галіне харчовай бяспекі

Развіццё інавацый у сельскай гаспадарцы павінна служыць агульнаму дабру, у першую чаргу, самым бедным, - нагадаў пастаянны назіральнік Святога Пасада пры Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (ФАО).

Марыя Валодзіна – Vatican News

Мансеньёр Фэрнанда Арэльяна прыняў удзел у 38-й сесіі Рэгіянальнай канферэнцыі ФАО для Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна, якая 20-24 красавіка 2026 года праходзіць у Брунеі-Дарусаламе. Ён заклікаў краіны рэгіёна актыўна развіваць інавацыі дзеля ўмацавання глабальнай харчовай бяспекі.

Дыпламат падкрэсліў, што трансфармацыя аграхарчовых сістэм з’яўляецца неабходнай умовай для забеспячэння дастатковага і якаснага харчавання ва ўмовах росту глабальных рызык і нявызначанасці. Нягледзячы на імклівы эканамічны рост у рэгіёне, вытворцы сельскагаспадарчай прадукцыі сутыкаюцца з беспрэцэдэнтнымі выклікамі. Сярод іх – рост насельніцтва і ўрбанізацыя, дэградацыя прыродных рэсурсаў, страта біяразнастайнасці і змена клімату.

Прадстаўнік Святога Пасада заклікаў да новага падыходу, заснаванага на павазе да неад’емнай чалавечай годнасці. Інавацыі і навуковы прагрэс павінны служыць гарантыяй таго, што кожны чалавек мае пастаянны доступ да бяспечнага, карыснага і дастатковага харчавання.

Ён таксама падкрэсліў, што інавацыі ў сельскай гаспадарцы – гэта не толькі ўкараненне новых тэхналогій, але і змяненне падыходаў да вытворчасці, размеркавання і спажывання прадуктаў харчавання. Важную ролю ў гэтым працэсе адыгрывае супрацоўніцтва паміж навуковымі коламі, дзяржаўнымі ўстановамі і прыватным сектарам.

Святы Пасад працягне падтрымліваць развіццё навукі і тэхналогій, якія павінны служыць агульнаму дабру, у першую чаргу – самым бедным, і спрыяць ахове навакольнага асяроддзя, - пацвердзіў мансеньёр Арэльяна.

Сапраўдны выклік інавацый – у тым, каб накіроўваць іх у рэчышча гарманічнага суіснавання чалавека і прыроды, дзе ў цэнтры знаходзіцца чалавечая годнасць, - падкрэсліў ён.

23 красавіка 2026, 13:04