Наступствы ізраільскага ўдару па Бейруце Наступствы ізраільскага ўдару па Бейруце  (AFP or licensors)

Нунцый у Ліване: краіна прагне і заслугоўвае міру

Нунцый у Ліване пракаментаваў сітуацыю ў гэтай краіне, дзе магутныя ўдары Ізраіля па аб’ектах групоўкі “Хезбала” прывялі да вялікіх разбурэнняў і гібелі сотняў людзей.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

8 красавіка 2026 года ізраільская армія нанесла адзін з самых масіраваных авіяўдараў па інфраструктуры “Хезбалы” за апошнія гады. На працягу дзесяці хвілін бамбардзіроўкам падвергліся каля ста аб’ектаў на тэрыторыі Бейрута, паўднёвых рэгіёнаў Лівана і даліны Бекаа. Паводле папярэдняй інфармацыі Чырвонага Крыжа, у выніку абстрэлу загінулі каля 300 чалавек, сотні атрымалі раненні.

“Нападаў такога роду яшчэ не здаралася ніколі. Кажуць, што за дзесяць хвілін адбылося дзесяць адначасовых удараў. Выкарыстоўваліся шматлікія ізраільскія ваенныя самалёты. СМІ паведамляюць, што іх было каля пяцідзесяці, але гэта трэба правяраць”, - расказаў арцыбіскуп Паола Борджа па тэлефоне журналісту “Vatican News” Сальваторэ Чэрнуцыа.

Па словах папскага дыпламата, грукат баявых дзеянняў працягваўся на працягу ўсяго дня, сталіца была паралізаваная з-за разбурэнняў і дарожных затораў, няспынна гучалі сірэны машын хуткай дапамогі. “Бейрут знаходзіцца ў хаосе. Адбываюцца чарговыя ізраільскія налёты. Паводле інфармацыі ізраільскіх СМІ, чакаецца, што яны будуць працягвацца з такой самай моцай каля 48 гадзін”, - сказаў ён.

“Як вядома, Ізраіль хоча раззбраення “Хезбалы”, і гэта мэта не дасягнута. Перамір’е адкрыла б шлях для дыпламатыі. З іншага боку, таксама і Ліван – у прыватнасці прэзідэнт краіны – неаднаразова заклікаў і выказваў надзею на распачацце прамых перамоваў з Ізраілем, каб прыйсці да заканчэння цяперашняй вайны. Тым не менш, я думаю, што шлях застаецца тым, які ўказаў Леў XIV падчас малітвы “Анён Панскі” 15 сакавіка: распачаць дыялог, які дапамог бы ўладам краіны знайсці доўгатэрміновыя рашэнні крызісу дзеля агульнага дабра ўсіх ліванцаў”, - падкрэсліў нунцый.

Арцыбіскуп Борджа расказаў пра пакуты мірных жыхароў, сведкам якіх стаў падчас удзелу ў гуманітарных місіях. “Яны адчуваюць, што нясуць вялікі цяжар і нясуць яго ў адзіночку. Менавіта таму мы наведваем іх, каб яны маглі адчуць блізкасць паўсюднага Касцёла і Касцёла ў Ліване, у першую чаргу блізкасць Святога Айца, а таксама мноства людзей добрай волі, якія дапамагаюць, падтрымліваюць і знаходзяцца побач з тымі, хто перажывае гэтыя драматычныя падзеі”, - падзяліўся ён.

Папскі дыпламат пракаментаваў таксама словы Льва XIV, які нядаўна заклікаў людзей патрабаваць ад сваіх уладаў спыніць войны і спрыяць міру. “Гэта заклік скіраваны да ўсіх. Ён можа быць скіраваны як да “Хезбалы”, так і да Ізраіля, каб знайсці шлях да рашэння праблем і адкрыць у Ліване шлях да міру, шлях да новага жыцця, якога гэта краіна прагне і заслугоўвае”, - сказаў арцыбіскуп Паола Борджа.
 

09 красавіка 2026, 10:33