Сядзіба Папскай касцельнай акадэміі Сядзіба Папскай касцельнай акадэміі 

Кардынал Паралін: Папская касцёльная акадэмія шукае шляхі да міру

З нагоды візіту Льва XIV у Папскую касцельную акадэмію, якая рыхтуе спецыялістаў для працы ў дыпламатычным корпусе і Дзяржаўным сакратарыяце Апостальскай Сталіцы, кардынал П’етра Паралін паразважаў пра сучасную ролю гэтай навучальнай установы.

Vatican News

Увечары 27 красавіка 2026 года Святы Айцец упершыню з моманту свайго абрання наведае Папскую касцельную акадэмію, якая ажыццяўляе падрыхтоўку дыпламатычнага персаналу Святога Пасада. Заснаваная 25 красавіка 1701 года, сёлета яна адзначае сваё 325-годдзе. Установа ідзе ў нагу з часам, спалучаючы гістарычную спадчыну з пошукам адказаў на сучасныя выклікі.

У інтэрв’ю ватыканскім СМІ, Дзяржаўны сакратар падкрэсліў, што асноўная задача акадэміі складаецца ў выпрацоўцы канкрэтных шляхоў да міру, заснаваных на прынцыпах, правілах і структурах, якія гарантуюць парадак паміж дзяржавамі. Ён падкрэсліў, што гэта асабліва актуальна ў цяперашніх умовах аслаблення міжнароднага права і росту канфліктаў у свеце.

Акадэмія з'яўляецца часткай Дзяржаўнага сакратарыята і рыхтуе папскіх прадстаўнікоў для розных краін свету. Яны пакліканы весці дыялог з урадамі і міжнароднымі арганізацыямі, а таксама клапаціцца пра патрэбы мясцовых Касцёлаў і грамадства. Калі акадэмія толькі ўзнікла, у 1701 годзе, Касцёл быў глыбока ўкаранёны ў свеце. Сёння ж неабходна ўлічваць сітуацыі, у якіх ён дзейнічае ва ўмовах абмежаванняў, пераследу ці рэлігійнай абыякавасці. Акрамя таго, касцельная сутнасць акадэміі патрабуе, каб навучанне арыентавалася на развіццё такіх святарскіх якасцяў, як уменне быць побач, слухаць, весці дыялог і сведчыць з пакорай і лагоднасцю, - нагадаў кардынал Паралін.

Рэформа акадэміі, праведзеная напрыканцы пантыфікату Францішка, надала ёй статус установы вышэйшай адукацыі ў галіне дыпламатычных навук з магчымасцю прысваення акадэмічных ступеняў. Дзякуючы гэтаму падрыхтоўка ватыканскіх дыпламатаў стала больш адпавядаць міжнародным стандартам і наблізілася да ўзроўню дыпламатычных акадэмій іншых дзяржаў, захоўваючы пры гэтым уласную касцельную і пастырскую спецыфіку, - патлумачыў Дзяржсакратар.

Кардынал Паралін адзначыў, што акадэмія імкнецца даць выпускнікам комплексную падрыхтоўку, якая аб’ядноўвае навуковыя веды і духоўнае выхаванне. Студэнты вывучаюць юрыдычныя, гістарычныя, паліталагічныя, эканамічныя і касцельныя дысцыпліны, але адной толькі тэарэтычнай падрыхтоўкі недастаткова. Дыпламат павінен не толькі весці перамовы, але і сведчыць сваім ладам жыцця. У адказ на крызіс міжнароднага парадку, выкліканы выкарыстаннем моцы і ігнараваннем міжнароднага права, акадэмія павінна рыхтаваць спецыялістаў, здольных прапаноўваць канкрэтныя шляхі да міру. Гэтыя шляхі павінны грунтавацца на прынцыпах, правілах і структурах, якія забяспечваюць парадак паміж нацыямі, - зазначыў Дзяржаўны сакратар.

27 красавіка 2026, 12:54