Літургія Мукі Пана ў ватыканскай базіліцы Літургія Мукі Пана ў ватыканскай базіліцы  (@Vatican Media)

Вялікая пятніца ў Ватыкане: Крыж спыняе зло

Прапаведнік Папскага дому айцец Раберта Пазаліні падчас літургіі ў Базіліцы Святога Пятра назваў Крыж Езуса “партытурай” любові, якая заклікае людзей адмовіцца ад помсты і насілля.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У Вялікую пятніцу, 3 красавіка 2026 года, падчас літургіі Мукі Пана ў ватыканскай базіліцы, прапаведнік Папскага дому айцец Раберта Пазаліні прапанаваў глыбокае разважанне над постаццю Слугі Пана з прароцтва Ісаі.

Паводле яго слоў, Крыж нельга зразумець як ізаляваную падзею; ён з'яўляецца найвышэйшым пунктам шляху Езуса, які навучыўся прымаць волю Айца як таямнічую “партытуру” збаўлення.

Слуга Пана пакліканы адкрываць вочы сляпым і вызваляць вязняў, але яго метад – гэта не сіла, а крайняя далікатнасць і цішыня.

Аналізуючы чатыры “песні” Слугі Пана, прапаведнік адзначыў, што місія Езуса разгортвалася праз выпрабаванні, якія добра знаёмыя кожнаму чалавеку: пачуццё марнасці ўласных намаганняў, сутыкненне з варожасцю тых, каму хочаш дапамагчы, і, нарэшце, фізічнае знявечанне ад насілля. Айцец Пазаліні падкрэсліў, што Езус не проста слухаў гэтыя прароцтвы, але ўвасобіў іх, пераўтварыўшы сваё ўкрыжаванне ў падзею збаўлення праз адмову вяртаць зло тым, хто яго прычыняе.

Айцец Раберта Пазаліні
Айцец Раберта Пазаліні   (@Vatican Media)

У сучасным свеце, дзе голас Бога часта губляецца сярод абяцанняў дабрабыту і прагрэсу, а войны і несправядлівасць становяцца звычайнай з'явай, Касцёл бачыць “маўклівую грамаду” людзей, якія выбіраюць іншы шлях. Гэта мужчыны і жанчыны, якія, як Слуга Пана, нясуць чужыя цяжары і не дазваляюць злу сказаць апошняе слова ў гісторыі.

Сапраўднае збаўленне свету прыходзіць не праз палітычныя ці ваенныя рашэнні, а праз тых, хто прымае “партытуру Крыжа” як форму свайго жыцця.

Айцец Раберта Пазаліні звярнуў увагу на тое, што ўсе вернікі падчас адарацыі Крыжа закліканы “скласці зброю”, якую кожны трымае ў сваіх руках. Гаворка ідзе не толькі пра глабальныя канфлікты, але і пра тыя інструменты разбурэння, якія выкарыстоўваюцца ў штодзённых адносінах – крыўды, гнеў і жаданне пакараць вінаватага.

На заканчэнне прапаведнік заклікаў хрысціян з поўным даверам наблізіцца да Крыжа, які з'яўляецца тронам сапраўднага валадарства – валадарства служэння. Ён нагадаў, што менавіта праз цярплівасць у выпрабаваннях і веру ў дабро, нават калі цемра паглынае ўсё вакол, вернікі становяцца тымі слугамі, праз якіх Пан прыносіць збаўленне сучаснаму параненаму свету.

Леў XIV падчас літургіі Мукі Пана
Леў XIV падчас літургіі Мукі Пана   (@Vatican Media)
03 красавіка 2026, 14:03