Падчас экуменічнага набажэнства ў рымскай Базіліцы Святога Барталамея Падчас экуменічнага набажэнства ў рымскай Базіліцы Святога Барталамея  

Кардынал Кох пра армянскае пакутніцтва як шлях да адзінства

Кроў армянскіх пакутнікаў павінна стаць закладам будучага адзінства хрысціян – пра гэта заявіў кардынал Курт Кох, нагадваючы, што пераслед вернікаў у свеце сёння толькі ўзмацняецца.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас экуменічнага набажэнства ў рымскай Базіліцы Святога Барталамея было зачытана пасланне прэфекта Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Кардынал Курт Кох падкрэсліў, што памяць пра "Медз Егерн" – "Вялікае няшчасце" армянскага народа – гэта не проста ўспамін пра мінулае, але зварот да самога сэрца хрысціянства. Паводле яго слоў, пакутніцтва дазваляе Касцёлу цалкам атаясамлівацца з Хрыстом – найвышэйшым Сведкам Божай любові.

Іерарх адзначыў, што прызнанне святасці тых, хто праліў кроў за Хрыста ў розных традыцыях, з’яўляецца "справядлівым і збавенным". Гэты "экуменізм крыві" стварае сапраўднае адзінства ў Духу Святым, якое стаіць вышэй за любыя чалавечыя падзелы.

Кардынал нагадаў, што менавіта пакутніцтва з’яўляецца цэнтральнай падзеяй, у якой хрысціяне розных канфесій сустракаюцца ў супольным сведчанні.

Нягледзячы на канец эпохі вялікіх дыктатур, кардынал Кох папярэдзіў, што ў некаторых частках свету пераслед хрысціян стаў нават больш жорсткім. Аднак, як лічылі вернікі першых стагоддзяў, кроў ахвяр застаецца насеннем. Сённяшнія пакутнікі закліканы стаць прадвеснікамі будучай камуніі "адзінага Цела Хрыста", параненага шматлікімі падзеламі.
 

24 красавіка 2026, 10:03