Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыканскі тэлескоп стане даступным для ўніверсітэтаў

Ватыканская абсерваторыя адкрывае доступ да свайго галоўнага тэлескопа, устаноўленага на гары Грэм у амерыканскай Арызоне, для студэнтаў езуіцкіх універсітэтаў ва ўсім свеце.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Ватыканская абсерваторыя завяршыла рабатызацыю і аўтаматызацыю працы свайго перадавога тэлескопа “Vatican Advanced Technology Telescope” (VATT). Праект стаў магчымым дзякуючы падтрымцы Дабрачыннага фонду Томаса Лорда.

Мадэрнізацыя дазваляе кіраваць тэлескопам дыстанцыйна. Гэта адкрывае новыя магчымасці не толькі для навукоўцаў абсерваторыі, але і для шырэйшага кола карыстальнікаў.

Дзякуючы гранту амерыканскага мецэната Кім Бэплер, якая ўваходзіць у кіраўнічую раду Фордэмскага ўніверсітэта ў ЗША, тэлескоп стане даступным для студэнтаў езуіцкіх універсітэтаў. Бэплер ужо і раней падтрымлівала шэраг езуіцкіх ініцыятыў, у тым ліку фінансаванне Летняй школы, якая праходзіла пры Ватыканскай абсерваторыі ў 2025 годзе.

Праект атрымаў назву “Jesuit Observatory Experience”. Ён прадугледжвае інтэграцыю тэлескопа з цэнтрам у Кастэль-Гандольфа і яго далейшае выкарыстанне ў адукацыйных праграмах езуіцкіх універсітэтаў, якія не маюць доступу да сучаснай астранамічнай інфраструктуры.

Рэалізацыя праекта распачнецца восенню з удзелам некалькіх універсітэтаў ЗША, у тым ліку Фордэмскага ўніверсітэта. У выпадку поспеху ініцыятыва будзе пашырана на глабальны ўзровень.
 

23 красавіка 2026, 13:37