Урачыстасці з нагоды 70-годдзя энцыклікі "Rerum Novarum" на Плошчы Святога Пятра, 14 мая 1961 года. Урачыстасці з нагоды 70-годдзя энцыклікі "Rerum Novarum" на Плошчы Святога Пятра, 14 мая 1961 года. 

Ад “Rerum novarum” да “Magnifica humanitas”: шлях у 135 гадоў

У панядзелак, 25 мая 2026 года, выйдзе першая энцыкліка Папы Льва XIV “Magnifica humanitas”, якая праз прызму хрысціянскай этыкі разглядае пытанне штучнага інтэлекту ў 135-ю гадавіну “Rerum novarum”.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Выхад першага праграмнага дакумента Папы Льва XIV сімвалічна прымеркаваны да знакавай даты ў гісторыі каталіцкага сацыяльнага вучэння. Падпісваючы “Magnifica humanitas”, Пантыфік звяртаецца да спадчыны Льва XIII, які роўна 135 гадоў таму выдаў энцыкліку “Rerum novarum”.

Калі ў XIX стагоддзі галоўным выклікам была індустрыяльная рэвалюцыя, то сёння Касцёл ставіць у цэнтр увагі грамадскія наступствы лічбавай трансфармацыі. 

Гістарычны аналіз, падрыхтаваны Аляксандрам Бругеманам для агенцтва “KNA”, сведчыць, што карані гэтай традыцыі сягаюць яшчэ далей. Прадвеснікам сацыяльнага прапаведавання Касцёла стаў біскуп Вільгельм Эмануэль фон Кетэлер, які ў 1848 годзе ў катэдры Майнца акрэсліў вострыя праблемы свайго часу. Пазней Леў XIII назваў яго сваім вялікім папярэднікам.

Кожная эпоха патрабавала ад Касцёла новых адказаў на пытанні справядлівасці і чалавечай годнасці.

У сваім фундаментальным дакуменце “Rerum novarum” Леў XIII выступіў супраць эксплуатацыі рабочых, адначасова адкідаючы ідэю класавай барацьбы. Ён адстойваў права на прыватную ўласнасць, але нагадваў пра яе грамадскія абавязкі.

Гэту лінію працягнуў Пій XI у 1931 годзе: у энцыкліцы “Quadragesimo anno” ён сфармуляваў прынцып субсідыярнасці, паводле якога грамадскія задачы павінны вырашацца на максімальна базавым узроўні.

З надыходам 1960-х гадоў сацыяльнае вучэнне набыло глабальнае вымярэнне. Ян XXIII у “Mater et magistra” ўпершыню закрануў праблемы краін, якія развіваюцца, а Павел VI у пасланні “Populorum progressio” (1967) увёў паняцце развіцця як ключавога элемента сусветнай справядлівасці. Гэтыя дакументы падкрэслілі, што сапраўдны прагрэс немагчымы без роўнай адукацыі і палітычнага ўдзелу.

Пантыфікаты канца XX і пачатку XXI стагоддзяў засяродзіліся на крызісах ідэалогій і экалогіі.

Ян Павел II у сваіх працах шукаў “трэці шлях” паміж капіталізмам і камунізмам, падтрымліваючы права на стварэнне прафсаюзаў. Пазней Бэнэдыкт XVI у “Caritas in veritate” прааналізаваў маральнае вымярэнне сусветнага фінансавага крызісу.

Сучасны падыход Папы Францішка ў “Laudato si’” і “Fratelli tutti” аб’яднаў клопат пра навакольнае асяроддзе з барацьбой супраць беднасці і заклікам да ўсеагульнага братэрства.

Сённяшняя ўвага Льва XIV да тэмы штучнага інтэлекту становіцца чарговым крокам у гэтай пераемнасці.
 

22 мая 2026, 10:13