2021.12.29 Famiglia

Святы Пасад: дакумент аб інтэгральнай экалогіі ў жыцці сям’і

Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека і Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця выдалі сумесны дакумент пад назвай “Інтэгральная экалогія ў жыцці сям’і”.

Ян Глінскі

“Сям’я, як асноўная частка грамадства, можа стаць рухаючай сілай глыбокіх культурных перамен”, - лічаць аўтары дакумента. Выданне ўтрымлівае парады адносна клопату пра стварэнне і абарону чалавечага жыцця, адрасаваныя, у першую чаргу, сем’ям.

У распрацоўцы дакумента ўдзельнічалі тэолагі, кансультанты і сужэнствы. Ён грунтуецца на паслясінадальнай адгартацыі “Amoris Laetitia” і энцыкліцы “Laudato si’”, напісаных Францішкам, а таксама на прамовах Льва XIV.

Прэфекты абедзвюх дыкастэрый, кардыналы Майкл Чэрны і Кэвін Джозэф Фарэл, указалі на фундаментальнае значэнне сем’яў у перадачы ведаў пра важнасць клопату пра наш супольны дом і пра кожнага чалавека.

“Сямейныя каштоўнасці – гэта ўрадлівая глеба, на якой расце ўсё грамадства. Каб належным чынам клапаціцца пра наш агульны дом і ўсіх людзей, сем’і павінны быць прыкладам”, - напісалі ў прэс-рэлізе ватыканскія іерархі.

“У сям’і яе члены вучацца самаахвярнасці, цярплівасці і адданасці, вучацца прымаць і падтрымліваць жыццё, каб яно магло ў паўнаце квітнець, а таксама праяўляць салідарнасць да іншых сем’яў і перадаваць традыцыі”, - дадалі яны.

У аснове тэматычных раздзелаў дакумента – сем мэт, пералічаных Францішкам у энцыкліцы “Laudato si’”: прыслухоўвацца да стогну Зямлі, воклічу бедных і ўразлівых, прымаць і прасоўваць экалагічную эканоміку, перайсці да экалагічнага ладу жыцця, развіваць інтэгральную экалогію і адукацыю, спрыяць экалагічнай духоўнасці ў сям’і і ўдзелу сем’яў у жыцці грамадства.

Кардыналы Чэрны і Фарэл падкрэслілі, што дакумент можа быць карысным не толькі сем’ям. “Кожны можа знайсці ў ім парады і заахвочванне да паляпшэння сваіх адносін з прыродным асяроддзем, для ўдзелу ў імкненні да больш справядлівага свету, у якім паважаюцца і абараняюцца стварэнне і чалавечая годнасць”, - нагадалі іерархі.
 

01 мая 2026, 09:02