Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святы Пасад: голад – гэта маральны правал чалавецтва

Няма апраўдання пазбаўленню мільёнаў людзей штодзённага хлеба, - заявіў пастаянны назіральнік Святога Пасада пры Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (ФАО).

Марыя Валодзіна – Vatican News

Голад – гэта не непазбежны лёс; а адкрытая рана на сумленні чалавецтва, - падкрэсліў арцыбіскуп Фэрнанда Чыка Арэльяна на форуме “Права на дастатковае харчаванне: дзеля годнага чалавечага жыцця”, які 26 мая 2026 года прайшоў у рымскім універсітэце LUMSA.

“Сёння мы абмяркоўвалі права, сацыяльную палітыку, развіццё сельскіх раёнаў, мір і грамадскую адказнасць. Але ўсе гэтыя пытанні вядуць да аднаго і таго ж: фундаментальнай каштоўнасці чалавечай годнасці. Харчаванне – не другараднае пытанне. Калі чалавек не можа нармальна харчавацца, пад пагрозай знаходзіцца яго здароўе, свабода, адукацыя, надзея і сама годнасць”, - сказаў назіральнік Святога Пасада пры ФАО і іншых міжнародных арганізацыях у Рыме.

Арцыбіскуп Арэльяна адзначыў, што права на харчаванне – гэта не выпадковая форма дапамогі, а неад’емнае права кожнага чалавека, якое вынікае з яго годнасці. Яно нагадвае аб тым, што стварэнне – гэта дар Бога ўсяму чалавецтву, і што кожны чалавек павінен мець доступ да таго, што неабходна яму для паўнавартаснага і спакойнага жыцця.

Маральны правал чалавецтва

Прадстаўнік Святога Пасада падкрэсліў, што свет валодае дастатковымі навуковымі ведамі, вытворчымі магчымасцямі, тэхналогіямі і фінансавымі рэсурсамі, каб годна накарміць усіх людзей, таму існаванне голаду з'яўляецца маральным правалам.
Іерарх асудзіў марнаванне ежы і спекуляцыю таварамі першай неабходнасці. Ён таксама раскрытыкаваў сітуацыі, калі дзеці атрымліваюць няякаснае харчаванне, якое вядзе да хвароб і атлусцення. Няма апраўдання таму, што ў зброю інвестуюць больш грошай, чым у хлеб, - заявіў ён.

Адказнасць на дзяржавах

Прадстаўнік Святога Пасада нагадаў пра адказнасці дзяржаў за рэалізацыю другой Мэты ўстойлівага развіцця ААН на перыяд да 2030 года – нулявы голад. Па яго словах, недастаткова абмежавацца рытарычнымі абяцаннямі. Адказнасць дзяржаў павінна ўвасобіцца ў канкрэтных мерах: бюджэтах, законах, сацыяльнай абароне, падтрымцы дробных вытворцаў, устойлівых харчовых сістэмах і міжнародным супрацоўніцтве. Дзяржавы павінны гарантаваць, што людзі не застануцца сам-насам з голадам, беднасцю і сацыяльным выключэннем.

Арцыбіскуп Арэльяна адзначыў таксама, што адказнасць за харчовую бяспеку нясуць не толькі дзяржавы, але і буйныя карпарацыі, рынкі, ланцугі паставак. Ён падкрэсліў, што харчовыя сістэмы павінны служыць чалавечаму жыццю, а не логіцы прыбытку. Гэта не азначае адмаўлення важнасці прадпрымальніцтва, інавацый ці гандлю, але ўсё гэта павінна быць арыентавана на агульнае дабро.

Выкарыстанне голаду як зброі

Ватыканскі дыпламат нагадаў пра становішча найбольш уразлівых: дзяцей, жанчын, сялян, рыбакоў, карэнных народаў, мігрантаў, бежанцаў і людзей, якія пакутуюць ад войнаў, засух і змены клімату. За кожнай лічбай стаіць твар, пусты стол, маці ў пакутах, дзіця, якое не можа вучыцца, таму што не ела, сям'я, якая страціла сваю зямлю або ваду. Мы страчваем чалавечнасць, калі перастаем бачыць гэтыя твары. Нельга маўчаць перад выкарыстаннем голаду як зброі. У канфліктах наўмысна знішчаюць ураджаі, не дапускаюць гуманітарную дапамогу, штучна павышаюць цэны на ежу, што ставіць людзей у адчайнае становішча, - нагадаў іерарх.

Карміць людзей – значыць будаваць мір

Арцыбіскуп Арэльяна падкрэсліў цесную сувязь паміж мірам і правам на харчаванне. Ён заявіў, што сапраўдны мір немагчымы там, дзе людзі пакутуюць ад адсутнасці харчовай бяспекі, вымушанага перасялення і прыніжэння. Па яго словах, барацьба з голадам патрабуе не толькі тэхнічных рашэнняў і інвестыцый, але таксама пачуцця справядлівасці, інстытуцыйнай мужнасці, салідарнасці і сумлення.

27 мая 2026, 11:31