Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (David Baillot)

Папа ўхваліў заснаванне ў Ватыкане Камісіі па штучным інтэлекце

Леў XIV ухваліў заснаванне ў рамках Рымскай курыі Міждыкастэрыяльнай камісіі па штучным інтэлекце. Пра рашэнне паведаміў кардынал Майкл Чэрны ў адмысловым рэскрыпце, апублікаваным 16 мая 2026 года.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

3 мая 2026 года Леў XIV прыняў прэфекта Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека на аўдыенцыі, падчас якой ухваліў заснаванне новай структуры.

У рэскрыпце паведамляецца, што стварэнне Камісіі абумоўлена хуткім развіццём тэхналогій штучнага інтэлекту ў апошнія дзесяцігоддзі, іх усё больш шырокім выкарыстаннем і патэнцыйным уплывам на чалавека і чалавецтва ў цэлым, а таксама асаблівай увагай Касцёла да годнасці кожнай чалавечай асобы і яе інтэгральнага развіцця.

У склад новай структуры ўвойдуць прадстаўнікі наступных устаноў Рымскай курыі: Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, Дыкастэрыі веравучэння, Дыкастэрыі па культуры і адукацыі, Дыкастэрыі па камунікацыі, а таксама Папскай акадэміі жыцця, Папскай акадэміі навук і Папскай акадэміі сацыяльных навук. Членаў Камісіі будуць прызначаць кіраўнікі гэтых устаноў, а любая змена складу павінна быць зацверджана Пантыфікам.

Каардынацыя працы новай структуры на працягу аднаго года (з магчымасцю падаўжэння) даручана Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. У далейшым Папа будзе прызначаць каардынатара з ліку ўдзельнікаў Камісіі на ратацыйнай аснове.

Паведамляецца, што асноўнай задачай Камісіі стане садзейнічанне супрацоўніцтву паміж установамі Святога Пасаду, абмен інфармацыяй пра праекты, звязаныя са штучным інтэлектам, а таксама выпрацоўка падыходаў да яго выкарыстання ўнутры Ватыкана, спрыяючы дыялогу, адзінству і ўдзелу.
 

16 мая 2026, 12:35