Базіліка святога Пятра. Ілюстрацыйнае фота Базіліка святога Пятра. Ілюстрацыйнае фота 

Папа ўхваліў новыя дэкрэты Дыкастэрыі па справах кананізацыі

22 мая 2026 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі кардынала Марчэла Семерара, прэфекта Дыкастэрыі па справах кананізацыі, і дазволіў абнародаваць новыя дэкрэты, падрыхтаваныя гэтым ведамствам.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Першы дакумент датычыцца прызнання цуду, які адбыўся дзякуючы малітве праз заступніцтва ліванскага мараніцкага іерарха Ільяса Хоека (1843–1931), Патрыярха Антыёхіі, заснавальніка кангрэгацыі Сясцёр-маранітак Святой Сям’і.

У другім дэкрэце гаворка ідзе пра прызнанне мучаніцтва ксяндза Франсіска Гансалеса дэ Кордавы і 79 паплечнікаў – святароў, манахаў, семінарыстаў і свецкіх вернікаў, забітых у 1936-1937 гадах з нянавісці да веры на тэрыторыі дыяцэзіі Сантандэр у Іспаніі падчас антырэлігійнага пераследу ў кантэксце грамадзянскай вайны.

Наступныя дэкрэты датычаць прызнання гераічнасці цнотаў чатырох Слугаў Божых: італьянскага салезіяніна, ксяндза Кастанціна Вендрамэ (1893–1957), які завяршыў свой зямны шлях у Індыі; італьянскага капуцына, айца Назарэна з Пулы (свецкае імя Джавані Дзука, 1911–1992); іспанскай манахіні Марыі Аны Альбердзі Эчэсарэта (свецкае імя Марыя дэла Кансепсьён Крус, 1912–1998), абатысы кляштара Ордэна Беззаганнага Зачацця ў Мадрыдзе; а таксама камерунскага кармеліта босага Жана-Цьеры ад Дзіцятка Езуса і Мукі (свецкае імя Жан-Цьеры Эбаго, 1982-2006).
 

22 мая 2026, 12:18