Прэзідэнт Албаніі ў Ватыкане: дыялог аб міры і будучыні Балкан

Леў XIV прыняў на аўдыенцыі Прэзідэнта Албаніі Байрама Бегая. Палітык размаўляў у Ватыкане пра развіццё адносін, еўраінтэграцыю і сітуацыю ў рэгіёне Заходніх Балкан.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

25 мая 2026 года ў Ватыкане прайшла сустрэча Льва XIV з Прэзідэнтам Рэспублікі Албанія Байрамам Бегаем. Пасля размовы са Святым Айцом высокі госць накіраваўся ў Дзяржаўны сакратарыят, дзе яго прынялі кардынал П'етра Паралін, Дзяржаўны сакратар Яго Святасці, і арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар Святога Пасада па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.

Падчас цёплых перамоў у Дзяржаўным сакратарыяце было выказана агульнае задавальненне высокім узроўнем двухбаковых адносін. Падкрэслівалася супольнае імкненне далей развіваць супрацоўніцтва ў галінах, якія ўяўляюць узаемную цікавасць для Касцёла і албанскага народа.

Далейшая частка размовы была прысвечана міжнароднаму парадку дня. Асаблівую ўвагу суразмоўцы надалі сітуацыі ў рэгіёне Заходніх Балкан. Асобна быў адзначаны шлях Албаніі да паўнапраўнага ўступлення ў Еўрасаюз, што з’яўляецца важным фактарам стабільнасці для ўсяго рэгіёна.
 

25 мая 2026, 11:20