Леў XIV прыняў на аўдыенцыі прэм’ер-міністра Іспаніі Педра Санчэса Леў XIV прыняў на аўдыенцыі прэм’ер-міністра Іспаніі Педра Санчэса  (@Vatican Media)

Леў XIV прыняў прэм’ер-міністра Іспаніі Педра Санчэса

Леў XIV прыняў на аўдыенцыі прэм’ер-міністра Іспаніі Педра Санчэса. У Ватыкане ў палітыка была магчымасць абмеркаваць маючы адбыцца візіт Папы, праблемы міграцыі і важнасць міжнароднага права.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сёння, 27 мая 2026 года, у Апостальскім палацы ў Ватыкане Леў XIV прыняў на аўдыенцыі кіраўніка ўрада Іспаніі Педра Санчэса Перэса-Кастэхона.

Пасля размовы з Пантыфікам высокі госць сустрэўся з Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці кардыналам П’етра Паралінам, якога суправаджаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.

Падчас сардэчных перамоў у Дзяржаўным сакратарыяце бакі выказалі задавальненне з нагоды надыходзячага апостальскага падарожжа Святога Айца ў Іспанію. Гэты візіт разглядаецца як красамоўны знак добрых і плённых адносін, якія існуюць паміж Апостальскай Сталіцай і Іспаніяй.

Прэм’ер-міністр Іспаніі Педра Санчэс падчас сустрэчы з кардыналам П’етра Паралінам
Прэм’ер-міністр Іспаніі Педра Санчэс падчас сустрэчы з кардыналам П’етра Паралінам   (@Vatican Media)

Асобная ўвага падчас сустрэчы была ўдзелена пытанням, якія ўяўляюць сумесную цікавасць. Сярод іх – неабходнасць развіцця канструктыўнага дыялогу паміж мясцовым Касцёлам і дзяржаўнымі ўладамі, а таксама паміж рознымі складнікамі грамадзянскай супольнасці. Бакі пагадзіліся, што такое ўзаемадзеянне павінна грунтавацца на ўзаемнай павазе і быць скіравана на служэнне супольнаму дабру.

У працягу гутаркі суразмоўцы засяродзіліся на тэмах міжнароднага парадку дня. Асаблівы акцэнт быў зроблены на наступствах шматлікіх узброеных канфліктаў у свеце і праблемах міграцыі. Падкрэслівалася важнасць шматбаковасці і няўхільнага выканання нормаў міжнароднага права, а таксама надзённая патрэба ў няспынных намаганнях па падтрымцы і ўмацаванні міру.
 

27 мая 2026, 11:41