Кардынал Джордж Коавакад. Ілюстрацыйнае фота Кардынал Джордж Коавакад. Ілюстрацыйнае фота 

Хрысціянска-мусульманскі форум у Рыме: адказаць на боль свету

У Рыме распачаўся VIII Калёквіум паміж Дыкастэрыяй па міжрэлігійным дыялогу і іарданскім Каралеўскім інстытутам міжрэлігійных даследаванняў, прысвечаны ролі спагады і эмпатыі ў сучасным свеце.



Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гэтая двухдзённая сустрэча ў Ватыкане сабрала прадстаўнікоў Апостальскай Сталіцы і дэлегацыю з Іарданіі, якую ўзначальвае прынц Эль-Хасан бін Талал.

Адкрываючы форум, прэфект Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу кардынал Джордж Коавакад адзначыў, што ў часы глыбокіх грамадскіх разломаў менавіта клопат пра тых, хто пакутуе, застаецца тым падмуркам, на якім будуецца сувязь паміж рэлігіямі. Паводле іерарха, павага да чалавечай годнасці – гэта ўніверсальная мова, зразумелая кожнаму сэрцу.

Кардынал Коавакад звярнуўся да думак Папы Францішка, выкладзеных у энцыкліцы "Fratelli tutti". Пантыфік з горкасцю канстатуе, што пры ўсім тэхнічным прагрэсе сучаснае грамадства застаецца непісьменным у майстэрстве падтрымкі самых безабаронных.

І хрысціянская традыцыя прапануе лекі ад гэтай духоўнай чэрствасці праз постаць Добрага Самараніна. Тут любоў перастае быць абстрактнай тэорыяй і становіцца прысутнасцю: хрысціянін пакліканы не проста шкадаваць, а спыняцца, дакранацца да ран і суправаджаць іншага ў яго бедах.

Асаблівую ўвагу ў сваім звароце кардынал удзяліў сугучнасці гэтых ідэй з ісламскай думкай. Ён падкрэсліў значэнне паняцця "ra’fa", якое ў ісламе азначае дзейсную, пяшчотную форму спагады. У гэтым кантэксце міласціна ці абавязковыя рэлігійныя ахвяраванні разглядаюцца не як фармальнасць, а як шлях да этычнай праўды і духоўнага ўзыходжання. Такім чынам, сустрэча з бедным становіцца для верніка магчымасцю сустрэцца з Богам.

У канцы сваёй інаўгурацыйнай прамовы, прадстаўнік Святога Пасада заклікаў прысутных успрымаць спагаду не як хвілінную эмоцыю, а як сумесную адказнасць. У свеце, дзе пакуты часта ігнаруюцца, хрысціяне і мусульмане маюць агульны імператыў – не адварочвацца ад чалавечага болю.
 

12 мая 2026, 10:59