Падчас прэзентацыі энцыклікі Льва XIV "Magnifica humanitas" Падчас прэзентацыі энцыклікі Льва XIV "Magnifica humanitas"  (@Vatican Media)

Папская тэалагічная акадэмія: погляд на новую энцыкліку Льва XIV

Старшыня Папскай тэалагічнай акадэміі пракаментаваў энцыкліку Льва XIV "Magnifica humanitas", падкрэсліўшы неабходнасць канчатковага адмаўлення ад канцэпцыі "справядлівай вайны".



Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Біскуп Антоніа Стальяно прадставіў глыбокі аналіз новай энцыклікі Льва XIV "Magnifica humanitas". Паводле слоў іерарха, гэты дакумент не абмяжоўваецца выключна пытаннямі сацыяльнага вучэння адносна штучнага інтэлекту, але ўяўляе сабой важны акт дагматычнага развіцця, які па-новаму асэнсоўвае хрысціянскае разуменне міру.

Адмова ад насілля пачынаецца з разумення аблічча Бога

Тэалагічны цэнтр энцыклікі біскуп бачыць у сцвярджэнні, што "мір перш за ўсё паходзіць ад Бога, Бога, які любіць нас усіх безумоўна". Гэта азначае, што калі Божая міласэрнасць не залежыць ад чалавечых заслуг ці паводзін, то Створца прынцыпова не можа жадаць вайны як сродку пакарання або помсты.

Ключавым пунктам дакумента стала прызнанне таго, што тэорыя "справядлівай вайны" канчаткова састарэла. Гэтая канцэпцыя занадта часта выкарыстоўвалася як інструмент для апраўдання любога насілля. Для біскупа Стальяно гэта не проста палітычны заклік, а пытанне самой прыроды Бога: не існуе "святой вайны" ці "Бога армій", які б станавіўся на той ці іншы бок у збройных канфліктах.

Сапраўдная веліч чалавека – ва ўпадабненні Хрысту

Асаблівую ўвагу старшыня Папскай тэалагічнай акадэміі звярнуў на хрысталагічнае вымярэнне энцыклікі. Сучаснай "праметэеўскай" спакусе трансгуманізму – імкненню чалавека перасягнуць сваю прыроду і здабыць боскую магутнасць праз тэхналогіі – Леў XIV супрацьпастаўляе шлях Уцелаўлення.

Калі трансгуманізм марыць аб стварэнні "звышчалавека", які кіруе светам сілай, то хрысціянства паказвае Бога, Які прыняў абмежаванасць і крохкасць чалавечага цела.

Гэтае супрацьпастаўленне становіцца канчатковым аргументам супраць мілітарызму. Біскуп Стальяно падкрэсліў, што Бог, аб'яўлены Хрыстом, – гэта не магутны валадар, які карае, а Айцец, які прабачае. Яго перамога дасягаецца не праз зброю, а праз ахвярнасць, бо Яго сапраўднае аблічча – гэта не воін, а забіты Ягня. Менавіта ў гэтым безабаронным і міласэрным Богу свет можа знайсці сапраўдны падмурак для надзеі і трывалага міру.
 

26 мая 2026, 09:49