Ватыканскі фонд Яна Паўла ІІ абнавіў афіцыйны сайт
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Упершыню ў сваёй гісторыі Фонд выкарыстоўвае ватыканскі дамен “.va”, які з’яўляецца афіцыйным даменам Святога Пасаду. Як адзначаюць у арганізацыі, гэта падкрэслівае статус Фонду і яго інстытуцыйную сувязь з Ватыканам.
Новы сайт VaticanJP2.va быў інтэграваны з сацыяльнымі сеткамі Фонду, што дазволіла стварыць адзіную і лёгка пазнавальную лічбавую тоеснасць. “Як найстарэйшы фонд, які дзейнічае пры Святым Пасадзе, мы хочам прытрымлівацца інтуіцыі апошніх Папаў, якія заклікалі да актыўнай прысутнасці і супрацоўніцтва ў лічбавым свеце”, - адзначыў ксёндз Томаш Падлеўскі, кіраўнік аддзела СМІ і мерапрыемстваў Фонду.
Разам з новым дызайнам на сайце з’явіўся раздзел “Чытальная зала”, у якім будуць рэгулярна публікавацца матэрыялы экспертаў і аўтарытэтных аўтараў, прысвечаныя спадчыне Яна Паўла ІІ і актуальным праблемам сучаснасці. Сярод аўтараў – прафесар Ганна-Барбара Герл-Фальковіц, арцыбіскуп Жак Мурад, біскуп Эрык Вардэн, прафесар Шанталь Дэльсоль, ксёндз Павел Пташнік і іншыя.
На сайце таксама запушчаны інфармацыйны бюлетэнь і сістэма анлайн-ахвяраванняў, дзякуючы якой можна падтрымліваць дзейнасць Фонду, які з 1981 года захоўвае духоўную, культурную і інтэлектуальную спадчыну святога Яна Паўла II, а таксама аказвае падтрымку студэнтам праз стыпендыяльныя праграмы, спрыяе развіццю хрысціянскай культуры і займаецца клопатам пра пілігрымаў.
Партал VaticanJP2.va даступны на англійскай, італьянскай, французскай і польскай мовах і адаптаваны для розных прылад. Акрамя новага візуальнага стылю, Фонд увёў таксама новыя афіцыйныя электронныя адрасы ў дамене Ватыкана.
Абнаўленне інфармацыйнай палітыкі звязана з падрыхтоўкай да 45-годдзя Фонду, якое будзе адзначацца ў Рыме з 19 па 22 кастрычніка 2026 года. У межах юбілейных урачыстасцяў запланавана прыватная аўдыенцыя ў Папы Льва XIV, а таксама канферэнцыя, канцэрт, супольная малітва і сустрэчы ўдзельнікаў супольнасці Фонду.