2026.05.12 EMISSIONI DEL SERVIZIO POSTE E FILATELIA

Новыя ватыканскія маркі прысвечаны Папу і хрысціянскай Еўропе

Ватыканская пошта распаўсюдзіць серыю марак да першай гадавіны абрання Папы Льва XIV, юбілею энцыклікі "Dominum et Vivificantem", 300-годдзя святога Жэрара і іншых важных падзей Касцёла.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Ватыканскі Філатэлістычна-нумізматычны аддзел падрыхтаваў адмысловы філатэлістычны выпуск, прымеркаваны да знакавых падзей 2026 года.

Цэнтральнае месца займае марка, прысвечаная першай гадавіне абрання на Пасад Пятра Папы Льва XIV. Гэтая дата, 8 мая, супадае з днём малітвы да Маці Божай Ружанцовай з Пампеяў, што знайшло адлюстраванне ў мастацкім рашэнні.

Мастак Рауль Берсоса стварыў партрэт Пантыфіка на фоне Багародзіцы, якая кіруе на яго свой позірк як знак мацярынскай абароны.

Яшчэ адна важная тэма выпуску – 40-я гадавіна энцыклікі "Dominum et Vivificantem", апублікаванай святым Янам Паўлам II у 1986 годзе. На паштовым блоку змешчана рэпрадукцыя фрэскі Гвіда Рэні з выявай Спаслання Духа Святога, якая захоўваецца ў залі Дам у Ватыканскіх музеях. Графічныя элементы перадаюць энергію і рух, сугучныя з пасланнем аб Жыватворным Духу.

Ватыканская філатэлія адлюстроўвае як гісторыю папства, так і мастацкую спадчыну музеяў.

Еўрапейскі кантэкст прадстаўлены маркай да 70-годдзя ініцыятывы "Europa Stamp". Гэты выпуск падкрэслівае важнасць супрацоўніцтва паміж паштовымі структурамі Еўропы, якое на працягу сямі дзесяцігоддзяў спрыяла дыялогу паміж народамі і распаўсюджванню агульных каштоўнасцей.

Асобнае месца ў серыі займае памяць аб святым Жэрары Маела. Марка вартасцю 1,30 еўра, заснаваная на творы Джавані Батысты Гальярдзі, адзначае 300-годдзе з дня нараджэння гэтага рэдэмптарыста, вядомага сваёй паслухмянасцю і любоўю да бліжніх.

Акрамя марак, да 104-га Дня нямецкіх католікаў у Вюрцбургу распрацаваны штэмпель з выявай цэнтральнай часткі Крыжа святога Патрыка.

Усе філатэлістычныя матэрыялы будуць даступныя для гашэння да 30 чэрвеня 2026 года.
 

15 мая 2026, 10:57