Ватыканская прэзентацыя энцыклікі Льва XIV
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
25 мая 2026 года ў ватыканскай Сінадальнай зале з удзелам Папы Льва XIV адбылося прадстаўленне яго новай энцыклікі "Magnifica humanitas".
Адкрываючы сустрэчу, Дзяржаўны сакратар Яго Святасці кардынал П’етра Паралін падкрэсліў, што дакумент з’яўляецца адказам Касцёла на адзін з найважнейшых выклікаў сучаснасці. Ён правёў паралель з энцыклікай "Rerum novarum", адзначыўшы, што калі 135 гадоў таму Леў XIII звяртаў увагу на сацыяльныя наступствы індустрыялізацыі, то сёння Касцёл закліканы распазнаць "res novae" гісторыі ў святле лічбавых тэхналогій.
Прэфект Дыкастэрыі веравучэння кардынал Віктар Мануэль Фернандэс засяродзіўся на духоўным вымярэнні дакумента. Ён адзначыў, што Папа называе чалавецтва "цудоўным", нягледзячы на яго здольнасць да зла.
Энцыкліка крытыкуе ідэі постгуманізму і трансгуманізму, якія абяцаюць шчасце праз пераадоленне чалавечых абмежаванняў. "Абмежаванні, пакуты і хрупкасць – гэта не проста недахоп; менавіта дзякуючы ім чалавек сталее, вучыцца спачуванню і любові", - патлумачыў аргенцінскі кардынал, дадаючы, што сапраўднае пераўтварэнне асобы адбываецца праз Божую ласку, а не праз тэхніку.
Прафесар Ганна Роўлендс звярнула ўвагу на небяспеку тэхнакратычнай парадыгмы, якая ацэньвае чалавека паводле яго карыснасці. Яна нагадала, што энцыкліка перасцерагае ад засяроджвання ўлады ў руках нешматлікіх прыватных суб’ектаў. На яе думку, "Magnifica humanitas" прапануе новы сінтэз сацыяльнага вучэння Касцёла, дзе ў цэнтры знаходзіцца інтэгральны гуманізм. "Нас не выратуе ні рынак, ні дзяржава, ні штучны інтэлект", - падкрэсліла даследчыца, заклікаючы да будаўніцтва "цывілізацыі любові".
Прадстаўнік тэхналагічнага свету Крыстафер Олах, сузаснавальнік кампаніі "Anthropic", пагадзіўся з неабходнасцю незалежнай маральнай рэфлексіі над развіццём штучнага інтэлекту. Ён вылучыў тры ключавыя праблемы: рызыку сацыяльнага выключэння цэлых краін, уплыў алгарытмаў на сям’ю і адукацыю, а таксама непрадказальнасць саміх мадэляў штучнага інтэлекту. Паводле яго слоў, пытанні тэхналогій сёння належаць не толькі праграмістам, але і ўсяму грамадству, філасофіі і рэлігіі.
Прафесар Леакадзі Лушомба ў сваю чаргу прадставіла чатыры папярэджанні Папы: аб абароне праўды, якую немагчыма знайсці ў машынах; аб захаванні ўнутранай свабоды; аб пагрозе крызісу даверу ў грамадстве і аб абароне правоў рабочых.
Кардынал Майкл Чэрны, прэфект Дыкастэрыі спрыяння інтэгральнаму развіццю чалавека, завяршыў прэзентацыю думкай пра сумленне як "санктуарый чалавека". Ён адзначыў, што лічбавая трансфармацыя з’яўляецца таксама экалагічным пытаннем, бо патрабуе каласальных энергетычных рэсурсаў.
У заключным слове кардынал Паралін падсумаваў: будучыня тэхналогій залежыць ад чалавечай адказнасці. Ён заклікаў да выхавання сумлення людзей, здольных карыстацца магутнымі інструментамі, не стаючыся іх рабамі.