Арцыбіскуп Луіс Марын дэ Сан Марцін Арцыбіскуп Луіс Марын дэ Сан Марцін 

Прэфект Марын дэ Сан Марцін: новы стыль папскай дабрачыннасці

Новы прэфект Дыкастэрыі па міласэрным служэнні падзяліўся першымі ўражаннямі ад працы, дзе штодзённы клопат пра бедных становіцца жывым сустрэчай з Хрыстом у самым сэрцы Ватыкана.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арцыбіскуп Луіс Марын дэ Сан Марцін, які два месяцы таму быў прызначаны Папам Львом XIV на пасаду прэфекта Дыкастэрыі па міласэрным служэнні, распавёў у інтэрв’ю ватыканскім медыя пра свой новы вопыт. Яго праца ахоплівае розныя кірункі: ад падтрымкі медыцынскіх амбулаторый для бяздомных і каардынацыі міжнароднай дапамогі краінам, што пакутуюць ад вайны.

Дыкастэрыя па міласэрным служэнні – гэта не проста ўстанова, а сапраўдны "пункт хуткай дапамогі", дзе вера пераўтвараецца ў канкрэтныя ўчынкі.

Па словах арцыбіскупа, прызначэнне стала для яго крыніцай вялікай радасці, бо дазваляе быць у непасрэдным кантакце з Евангеллем. Ён падкрэсліў, што галоўным арыенцірам у дзейнасці структуры застаюцца самыя неаабароненыя людзі.

Прэфект адзначыў, што ў калідорах Элемазінарыі заўсёды шматлюдна, асабліва ў маі, калі вернікі звяртаюцца па папскае благаслаўленне да Першай святой Камуніі ці шлюбу. Сродкі, атрыманыя ад гэтых зваротаў, накіроўваюцца непасрэдна на патрэбы бедных.

Структура Дыкастэрыі вельмі разнастайная. Яна ўключае медыцынскую зону з дзвюма амбулаторыямі на Плошчы Святога Пятра, дзе працуюць 120 урачоў-валанцёраў, гігіенічныя пункты, а таксама начлежкі, такія як "Domus Mariae" і "Palazzo Migliori". Акрамя мясцовай дапамогі ў Рыме, Касцёл праз нунцыятуры падтрымлівае людзей ва Украіне, Газе, Ліване і Афрыцы.

Прэфект падкрэслівае: неабходна выходзіць за межы разумення беднасці як абстрактнай катэгорыі, каб убачыць у кожным чалавеку асобу з уласным тварам і гісторыяй.

Арцыбіскуп Марын дэ Сан Марцін звяртае ўвагу на тое, што ў святле апостальскай адгартацыі Льва XIV "Dilexi te", немагчыма аддзяліць веру ад любові да бліжняга. Ён перакананы, што бедных трэба не толькі адорваць любоўю Хрыста, але і ўмець знаходзіць самога Хрыста ў іх.

"Бедныя нас евангелізуюць", - адзначае іерарх, заклікаючы ўсіх да малітвы за служэнне міласэрнасці, якое ператварае тэорыю ў жывую і дзейсную любоў.
 

14 мая 2026, 10:34