Прысяга абаронцаў Папы ў Ватыкане
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Паводле афіцыйнага камюніке Папскай Швейцарскай гвардыі, дата ўрачыстасці невыпадковая. Яна прымеркавана да гадавіны трагічных, але гераічных падзей 1527 года – так званага рабавання Рыма. У той дзень 189 швейцарскіх ваяроў аддалі сваё жыццё, мужна абараняючы Папу Клімента VII ад шматлікага войска імператара Карла V.
Памяць пра гістарычны подзвіг і малітва за загінулых
Ушанаванне гістарычнага подзвігу пачнецца 5 мая 2026 года. У 17.00 гвардзейцы збяруцца на Нешпары ў касцёле Санта-Марыя-дэла-П’ета, пасля чаго адбудзецца цырымонія ўскладання вянка і ўручэння ўзнагарод памяці тых 189 герояў. Наступная раніца, 6 мая 2026 года, пачнецца ў 07.30 з Імшы ў Базіліцы Святога Пятра, якую ўзначаліць кардынал-дзяржсакратар П'етра Паралін.
Сама кульмінацыя свята адбудзецца ў 17.00. Навабранцы будуць апрануты ў "Gran Gala" – традыцыйную ўніформу з даспехамі, якую звычайна дастаюць з арсенала толькі для папскага благаслаўлення "Urbi et Orbi", а таксама на Божае Нараджэнне і Вялікдзень. У прысутнасці Льва XIV яны ўрачыста паклянуцца абараняць Пантыфіка і яго законных пераемнікаў, а таксама Калегію кардыналаў падчас вакантнага Пасаду, ахвяруючы пры неабходнасці ўласным жыццём.
Клятва на сцягу самай старой арміі ў свеце
Падчас цырымоніі кожны салдат будзе асабіста трымацца за сцяг корпуса і прасіць дапамогі ў Бога і святых апекуноў. За ўсім гэтым будуць назіраць афіцыйныя прадстаўнікі Швейцарыі. Прысутнічаць будзе вышэйшае кіраўніцтва Швейцарыі, кіраўніцтва арміі і Канферэнцыі Біскупаў, а ганаровым госцем сёлета стаў кантон Тургаў.
Гэтая невялікая армія, заснаваная яшчэ ў 1506 годзе Папам Юліем II, сёння кантралюе доступ у Ватыкан і гарантуе бяспеку на ўсіх афіцыйных мерапрыемствах. Большасць цяперашніх швейцарскіх гвардзейцаў паходзіць з кантона Вале, за ім ідуць прадстаўнікі кантонаў Тычына і Люцэрн.
Усе ахвотныя змогуць далучыцца да гістарычнага свята анлайн – прамая трансляцыя будзе даступная на афіцыйным сайце Швейцарскай гвардыі.