Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святы Пасад створыць цэнтр па экалогіі лічбавых тэхналогій

Папская тэалагічная акадэмія засноўвае даследчы цэнтр для вывучэння ўплыву лічбавых працэсаў на экалогію, грамадскія сувязі і годнасць асобы ў сучасным тэхналагічным свеце.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Стварэнне новай структуры, якая атрымала назву "Даследчы цэнтр па ўплыве лічбавых тэхналогій на навакольнае асяроддзе", стане адказам на выклікі часу, калі інфармацыйныя працэсы пачалі вызначаць практычна ўсе сферы чалавечага жыцця.

Афіцыйная прэзентацыя праекта адбудзецца ў панядзелак, 18 мая 2026 года, у Зале Марконі, што месціцца ў штаб-кватэры СМІ Святога Пасада, Палаца Піо. Гэта ініцыятыва сведчыць пра імкненне Касцёла не проста назіраць за прагрэсам, але і даваць яму глыбокую маральную ацэнку.

У цэнтры ўвагі апынуцца энергаспажыванне інтэрнэту і здабыча рэсурсаў для лічбавай інфраструктуры.

Як адзначаецца ў паведамленні Акадэміі, новая структура будзе дэталёва вывучаць экалагічныя і грамадскія наступствы лічбавізацыі. Гаворка ідзе пра каласальны рост патрэб у электраэнергіі для падтрымкі глабальнай сеткавай інфраструктуры і наступствы інтэнсіўнай эксплуатацыі прыродных багаццяў. Тэолагі і навукоўцы сумесна прааналізуюць фарміраванне новай "экалогіі чалавека", шукаючы адказы на пытанні аб захаванні годнасці асобы ў віртуальнай прасторы.


Сярод прыярытэтных кірункаў дзейнасці – абарона падрастаючага пакалення. Эксперты занепакоены тым, што ва ўмовах адсутнасці дакладнага прававога рэгулявання моладзь сутыкаецца з рызыкай лічбавых залежнасцей і грамадская збяднення. Акрамя аналізу, цэнтр будзе распрацоўваць канкрэтныя прапановы для тэхналагічных карпарацый, заахвочваючы іх да этычнай адказнасці за стан агульнага дома.

Праз дыялог з бізнесам Касцёл імкнецца зрабіць інавацыі дзейнымі саюзнікамі ў справе аховы Божага стварэння.

Падчас прэзентацыі прагучыць меркаванне Марыі Віторыі Трусоні, прадстаўніцы "NTT DATA", аб практычным выкарыстанні тэхналогій для пабудовы больш устойлівага свету. Дзейнасць цэнтра грунтуецца на вучэнні Папы Льва XIV і прынцыпах нядаўняга дакумента Міжнароднай тэалагічнай камісіі "Quo vadis, humanitas".

Гэта сведчыць аб імкненні Касцёла будаваць тэалагічны дыялог, які не абмяжоўваецца тэорыяй, але вядзе да канструктыўнага і мірнага супрацоўніцтва паміж усімі людзьмі.

Арцыбіскуп Антоніа Стальяна, старшыня Папскай тэалагічнай акадэміі, падкрэсліў, што даследчы цэнтр закліканы стаць прасторай супольнай адказнасці. На яго думку, сапраўдны мір на планеце немагчымы без тэхналогій, якія паважаюць чалавека і навакольнае асяроддзе. Менавіта этычна арыентаваная інавацыя, паводле слоў іерарха, павінна стаць падмуркам для справядлівага і салідарнага грамадства.
 

12 мая 2026, 10:35