Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors) Калонка рэдактара

Сведкі Евангелля праз адзінства: Тарніелі пра пантыфікат Льва XIV

Праз вучэнне Льва XIV аб місіянерстве чырвонай ніткай праходзяць словы Езуса: “Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго”, - заўважыў галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ.

Андрэа Тарніелі / Адаптацыя: Аляксандр Панчанка

У першы год свайго пантыфікату Леў XIV асаблівую ўвагу надаў двум тэмам – міру і адзінству Касцёла, падкрэсліў Андрэа Тарніелі ў сваёй аўтарскай калонцы на партале “Vatican News”. Па яго словах, мір Папа называе тэрміновай патрэбай сучаснага свету, які сутыкаецца з ростам канфліктаў і аслабленнем міжнароднага права. Адзінства ж Касцёла ён паказвае як унутраную аснову хрысціянскага жыцця і місіі.

Леў XIV падкрэслівае, што гаворка не ідзе пра адзінства, якое дасягаецца праз замоўчванне адрозненняў або штучную гармонію. Наадварот, сапраўднае адзінства нараджаецца з любові Хрыста і з’яўляецца яе плёнам. Касцёл расце не праз сілу або чалавечыя стратэгіі, а праз прыцягальную моц любові Бога.

У гэтым кантэксце Папа паўтарае, што менавіта любоў Хрыста з’яўляецца цэнтрам касцёльнага жыцця: яна збірае і яднае людзей, у той час як падзелы іх рассейваюць. Таму місія Касцёла заключаецца ў тым, каб жыць гэтай любоўю і сведчыць пра яе.

Асновай гэтага адзінства з’яўляюцца словы Езуса: “Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго”. Менавіта праз такую ўзаемную любоў, прабачэнне і жыццё ў адзінстве праяўляецца сапраўдная еднасць Касцёла. Яна не зводзіцца да фармальнай згоды, але адлюстроўваецца ў канкрэтных адносінах паміж людзьмі, якія прызнаюць сябе братамі і сёстрамі, аднолькава патрабуючымі Божай міласэрнасці.

“Толькі жывучы так хрысціянская супольнасць становіцца прыцягальнай. Яна прыцягвае, калі не засяроджваецца на сабе, калі не думае, што ззяе ўласным святлом, калі не капіюе маркетынгавыя стратэгіі рэкламных агенцтваў, калі не ўмацоўвае ідэалагічную палярызацыю. Хрысціянская супольнасць прыцягвае і, такім чынам, з’яўляецца місіянерскай, калі праз сваё адзінства адлюстроўвае святло Іншага, умеючы прапанаваць усім абдымкі той міласэрнасці, якія яна сама першая зведала і працягвае зведваць дзень за днём у сустрэчы з Хрыстом”, - напісаў Тарніелі.

“Адзінства Касцёла – гэта не канфармізм і не імкненне да бесклапотнага жыцця, а плён любові, якая ахоплівае нас і імкнецца распаўсюджвацца паўсюль, ставячы сумеснае існаванне вышэй за імкненне да лідарства, супольнасць – вышэй за падзел, лагоднасць – вышэй за ганарыстасць, а словы міру – вышэй за мову нянавісці, якая, на жаль, уражае значную частку лічбавага свету”, - дадаў ватыканскі медыяэксперт.

Андрэа Тарніелі адзначыў, што адзінства Касцёла важнае не толькі для хрысціян, але і для ўсяго чалавецтва, для якога можа стаць закваскай прымірэння. “У гэты драматычны час у гісторыі чалавецтва, у свеце, разарваным войнамі, адзінства Касцёла з’яўляецца прароцтвам міру для ўсіх”, - напісаў галоўны рэдактар СМІ Святога Пасаду.
 

08 мая 2026, 09:10