Кардынал Рэ ўзначаліў Святую Імшу ў ватыканскай базіліцы Кардынал Рэ ўзначаліў Святую Імшу ў ватыканскай базіліцы   (@VATICAN MEDIA)

Кардынал Рэ: будаваць цывілізацыю братэрства, любові і міру

Другі дзень надзвычайнага кансісторыя, скліканага Львом XIV для абмеркавання актуальных пытанняў жыцця Касцёла і сучаснага свету, распачаўся ў Базіліцы святога Пятра ватыўнай Імшой у гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Літургію ўзначаліў кардынал Джавані Батыста Рэ, дэкан Калегіі кардыналаў.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У гаміліі кардынал падкрэсліў, што Найсвяцейшая Панна Марыя разам з Хрыстом удзельнічае ў місіі збаўлення і застаецца прысутнай у жыцці Касцёла і свету. Ён даручыў Багародзіцы працу кансісторыя і выказаў пажаданне, каб Яна дапамагла з мудрасцю адказваць на выклікі сучаснасці, пазначанай культурай моцы і ўлады, а таксама дапамагала будаваць цывілізацыю братэрства, любові і міру.

Разважаючы над урыўкам з Евангелля паводле святога Яна, кардынал Рэ нагадаў, што перад смерцю на крыжы Езус даверыў апостала Яна Маці Божай, а праз яго – усіх вернікаў. Гэтым Хрыстус даручыў Найсвяцейшай Панне Марыі ўсеагульнае духоўнае мацярынства, якое распаўсюджваецца ад апостала Яна на ўсіх хрысціян на працягу стагоддзяў, - адзначыў іерарх.

Такім чынам, карані марыйнай пабожнасці знаходзяцца на Галгоце, дзе Марыя стала духоўнай Маці ўсіх вернікаў. “З таго часу, у шчаслівых і сумных жыццёвых перыпетыях, мы заўсёды можам разлічваць на дапамогу Маці, якая блізкая да Бога і таму можа заступацца за нас”, - падкрэсліў кардынал Рэ.

Спасылаючыся на апостальскую адгартацыю святога Паўла VI “Marialis cultus”, дэкан калегіі кардыналаў адзначыў, што “Бог паставіў Маці Божую на жыццёвым шляху кожнага чалавека, каб Яна ахоўвала нас і паказвала нам шлях”. Марыя “прысутнічае ва ўсе вырашальныя моманты гісторыі збаўлення” і з Яе дапамогай чалавек знаходзіць найлепшы шлях да Збаўцы, - сказаў іерарх.

Святая Імша з кардыналам Рэ ў Ватыкане
Святая Імша з кардыналам Рэ ў Ватыкане   (@VATICAN MEDIA)
27 чэрвеня 2026, 16:44