Удзельнікі канферэнцыі ў "Angelicum" Удзельнікі канферэнцыі ў "Angelicum" 

Дыкастэрыя аб’яднала рэлігійных лідараў Еўропы ў Рыме

У Рыме прайшла міжрэлігійная канферэнцыя, арганізаваная Дыкастэрыяй па міжрэлігійным дыялогу, прысвечаная будаванню братэрства і супрацоўніцтва паміж вернікамі ў Еўропе.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У Папскім універсітэце Святога Тамаша Аквінскага (Angelicum) 23-24 чэрвеня 2026 года сабраліся вядомыя рэлігійныя лідары, навукоўцы і даследчыкі. Прадстаўнікі хрысціянства і дхармічных рэлігій – будызму, індуізму, джайнізму і сікхізму – прынялі ўдзел у канферэнцыі, якую арганізавала Дыкастэрыя па міжрэлігійным дыялогу.

Сустрэча стала працягам папярэдніх ініцыятыў ведамства. Сёлета ўдзельнікі засяродзіліся на тэме "Будысты, хрысціяне, індуісты, джайністы і сікхі ў Еўропе: будаваць братэрства праз дыялог і супрацоўніцтва". Форум прайшоў у сардэчнай атмасферы павагі і адкрытасці, падкрэсліваецца ў адмысловым паведамленні па выніках форуму.

Супольныя намаганні перад абліччам сучасных выклікаў

Падчас пасяджэнняў прысутныя разважалі над праблемамі, з якімі сутыкаецца сучаснае грамадства. Яны зноў пацвердзілі важнасць міжрэлігійнага дыялогу як сродку для развіцця салідарнасці і надзеі. Пры гэтым асаблівая ўвага надавалася фундаментальнай ролі братэрства для стварэння згуртаваных і мірных супольнасцей. Удзельнікі атрымалі выдатную магчымасць для ўзаемнага слухання і супольнага ўзбагачэння.

Рэлігійныя дзеячы падкрэслілі, што вернікі павінны быць пераканаўчымі сведкамі сваіх маральных перакананняў і веры. Яны закліканы спрыяць росквіту братэрства праз канкрэтныя дзеянні, якія нясуць мір, гармонію і дабрабыт для ўсіх. Сёння вельмі важна ўмацоўваць узаемную павагу, захоўваючы глыбокія карані ва ўласных рэлігійных традыцыях.

Форум пацвердзіў агульнае імкненне развіваць культуру сустрэчы на карысць супольнага дабра. Удзельнікі выказалі надзею на тое, што такое супрацоўніцтва будзе натхняць усё грамадства і дапаможа ў будаванні міру.
 

24 чэрвеня 2026, 12:05