Кардынал Віктар Мануэль Фернандэс Кардынал Віктар Мануэль Фернандэс 

Фернандэс: вайна не можа быць нормай міжнароднай палітыкі

Кардынал Віктар Мануэль Фернандэс заклікаў пераасэнсаваць паняцце “справядлівай вайны” і папярэдзіў пра небяспеку “культуры ўлады”, якая спрыяе нармалізацыі гвалту і новых канфліктаў у свеце.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Прэфект Дыкастэрыі веравучэння выступіў з дакладам перад дыскусіямі ў групах, якія прайшлі ў другой палове дня 26 чэрвеня 2026 года ў рамках надзвычайнага кансісторыя ў Ватыкане.

Кардынал Фернандэс заўважыў, што ў свеце распаўсюджваецца “культура ўлады” – калі моцныя краіны і лідары навязваюць сваю волю, а людзі прызвычайваюцца да гвалту і становяцца пасіўнымі і абыякавымі. Ён падкрэсліў, што сучасныя тэхналогіі і нават штучны інтэлект могуць яшчэ больш узмацняць гэтую праблему.

Іерарх адзначыў, што сёння нават прынцыпы сацыяльнага вучэння Касцёла часам выкарыстоўваюцца, каб апраўдваць войны замест таго, каб іх спыняць. У прыватнасці, ён нагадаў, што паняцце законнай абароны выкарыстоўваецца ў так званых “прэвентыўных войнах”.

Кардынал падкрэсліў, што, паводле Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, законная абарона мае выразныя межы: яна павінна быць прапарцыянальнай нападу і не можа працягвацца бясконца. “Знішчэнне цэлых гарадоў нельга лічыць прапарцыянальнымі абарончымі дзеяннямі”, - сцвердзіў ватыканскі іерарх, згадаўшы пра сітуацыю на Блізкім Усходзе і ва Украіне.

Прэфект Дыкастэрыі веравучэння таксама згадаў пра ігнараванне нормаў міжнароднага гуманітарнага права і вяртанне да ўспрымання вайны як інструмента міжнароднай палітыкі.

“Прэвентыўныя войны вядуцца з аднабаковай спасылкай на магчымыя – але не даказаныя – падрыхтоўчыя агрэсіўныя дзеянні з боку іншых”, - нагадаў кардынал Фернандэс, заклікаючы да пераасэнсавання паняццяў законнай абароны і справядлівай вайны.
 

27 чэрвеня 2026, 09:46