Пантыфік зацвердзіў новы cтатут упраўлення па фінансавым наглядзе
Марыя Валодзіна - Vatican News
Адпаведны хірограф быў падпісаны 25 чэрвеня 2026 года. У ім Пантыфік падкрэсліў, што празрыстасць, добрасумленнасць і адказнасць у эканамічнай і фінансавай дзейнасці з'яўляюцца неабходнымі ўмовамі належнага кіравання і служэння агульнаму дабру, якія павінны характарызаваць інстытуты Святога Пасада і Дзяржавы Ватыкан. Ён нагадаў, што на працягу апошніх гадоў Святы Пасад паслядоўна ўдасканальваў сваё заканадаўства для прадухілення адмывання грошай, атрыманых злачынным шляхам, супрацьдзеяння фінансаванню тэрарызму і распаўсюджванню зброі масавага знішчэння, а таксама для ўмацавання нагляду за фінансавым сектарам.
Апостальская Сталіца мае намер і надалей развіваць сваю прававую сістэму ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, захоўваючы пры гэтым уласную інстытуцыйную спецыфіку і ўносячы ўклад у цэласнасць і бяспеку міжнароднай фінансавай сістэмы, - гаворыцца ў хірографе.
Святы Айцец патлумачыў, што неабходнасць абнаўлення статута абумоўлена нядаўнімі нарматыўнымі зменамі, а таксама практычным вопытам дзейнасці Упраўлення па наглядзе і фінансавай інфармацыі (ASIF) і пастаяннай эвалюцыяй міжнародных стандартаў. Новы статут дазволіць установе яшчэ больш эфектыўна выконваць свае задачы ў сферы фінансавага нагляду, рэгулявання і фінансавай разведкі, спрыяючы празрыстасці, цэласнасці, стабільнасці і бяспецы эканамічна-фінансавай сістэмы Святога Пасада і Дзяржавы Ватыкан, - напісаў Папа.
Новы статут прадугледжвае змену структуры кіравання. Замест старшыні і рады ўводзіцца дырэкцыя, у склад якой уваходзяць дырэктар і намеснік дырэктара, а таксама кансультанты, якія будуць забяспечваць экспертную падтрымку. Такая мадэль павінна павысіць эфектыўнасць працы ўстановы, размеркаваць адказнасць і адпавядаць сучасным міжнародным стандартам.
Папскі хірограф разам з новым статутам будуць апублікованыя ў газеце “L’Osservatore Romano” і ўступяць у сілу ў дзень іх апублікавання, а таксама будуць уключаныя ў афіцыйны зборнік актаў Святога Пасада (Acta Apostolicae Sedis).