Ватыкан: пачатак маштабнага праекту рэстаўрацыі Лоджыі Рафаэля
Аляксандр Панчанка – Vatican News
На працягу пяці гадоў каманда з больш як дваццаці рэстаўратараў будзе працаваць над аднаўленнем фрэсак агульнай плошчай каля 1300 квадратных метраў. Ініцыятыва была прадстаўлена 24 чэрвеня 2026 года ў Ватыканскіх музеях.
Роспісы Лоджыі Рафаэля, створаныя ў 1517-1519 гадах, разам з фрэскамі Станцаў лічацца аднымі з самых важных твораў мастака. Яны з’яўляюцца “ключавым мостам паміж антычнасцю і сучаснасцю”, бо перадаюць спадчыну старажытнарымскай культуры праз эпоху Адраджэння да нашых дзён, адзначыла дырэктар Ватыканскіх музеяў Барбара Ята.
Лоджыя Рафаэля знаходзіцца на другім паверсе Апостальскага палаца. Яна мае каля 65 метраў у даўжыню і падзелена на трынаццаць пралётаў, упрыгожаных сцэнамі са Старога і Новага Запавету, гратэскамі і стукавымі арнаментамі ў антычным стылі. Роспісы галерэі капіравалі найвялікшыя еўрапейскія мастакі, а знаёмства з імі было абавязковым пунктам Вялікага тура, які ў мінулыя стагоддзі здзяйсняла моладзь з багатых сем’яў.
Неабходнасць рэстаўрацыі выклікана рознымі фактарамі, сярод якіх уплыў кліматычных змен, якія з часам выклікалі сцісканне матэрыялаў, выкарыстаных падчас папярэдніх рэстаўрацый, і адслаенне фарбы.
На стан Лоджыі паўплываў таксама асаблівы мікраклімат памяшкання. Вітражы, устаноўленыя ў 1813-1814 гадах пад кіраўніцтвам Антоніа Кановы, абаранілі роспісы ад неспрыяльнага надвор’я, але адначасова абмежавалі цыркуляцыю паветра і спрыялі назапашванню вільгаці.
Падрыхтоўчыя даследаванні і пробныя працы праводзіліся з 2019 па 2024 год. У праекце будзе выкарыстана лазерная тэхналогія ачысткі, якая дазваляе максімальна беражліва працаваць з арыгінальным жывапісам, - расказаў Паола Віяліні, кіраўнік Лабараторыі рэстаўрацыі жывапісу і драўляных матэрыялаў Ватыканскіх музеяў.
Асаблівасць праекта ў тым, што Лоджыі – гэта месца, праз якое штодзённа праходзяць супрацоўнікі Дзяржаўнага сакратарыята і нават сам Папа. “Ім давядзецца набрацца цярпення, бо каля дваццаці чалавек будуць займаць даволі вялікую прастору ў калідоры”, - дадаў Віяліні.
Акрамя аднаўлення роспісаў, прадугледжана ўстаноўка новага асвятлення і 97 новых высокатэхналагічных вокнаў, якія абароняць фрэскі ад ультрафіялетавага выпраменьвання і перагрэву.
Рэстаўрацыя Лоджыі Рафаэля ўключана ў міжнародную праграму “Legacy of Raphael: The Vatican and Beyond” (Спадчына Рафаэля: Ватыкан і па-за яго межамі), якая таксама прадугледжвае навучанне рэстаўратараў, лічбавую дакументацыю і папулярызацыю спадчыны мастака. На аднаўленне Лоджыі выдзелена 5,5 мільёна долараў ЗША, а агульны бюджэт праграмы – 14,2 мільёна долараў. Ініцыятыва рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы “Patrons of the Arts in the Vatican Museums”, “World Monuments Fund” і “Stephen A. Schwarzman Foundation”.