Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Кардынал Паралін: адзінству Касцёла нанесена сур’ёзная рана

Кардынал П’етра Паралін адзначыў, што біскупскія пасвячэнні без дазволу Папы ў Святарскім брацтве святога Пія Х парушылі адзінства Касцёла і маюць кананічныя наступствы, але выказаў надзею на аднаўленне дыялогу.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Хачу выказаць глыбокі боль, бо, калі мы гаворым пра адзінства Касцёла, неабходна падкрэсліць, што такі ўчынак наносіць гэтаму адзінству глыбокую рану”, - пракаментаваў падзею падчас сустрэчы з журналістамі, увечары 1 ліпеня 2026 года, Дзяржсакратар Яго Святасці Папы.

Іерарх заўважыў, што пасвячэнні без дазволу Пантыфіка – гэта “акт схізматычнага характару”, які парушае адзінства Касцёла і цягне за сабой прадугледжаныя кананічным правам санкцыі, галоўнай з якіх з’яўляецца экскамуніка.

Кардынал Паралін адзначыў, што ключавым пытаннем застаецца стаўленне членаў Брацтва да Другога Ватыканскага Сабору. Ён падкрэсліў, што нельга лічыць, быццам гісторыя Касцёла спынілася ў пэўны момант. Гісторыя Касцёла працягваецца, а Другі Ватыканскі Сабор з’яўляецца важнай вяхой у яе развіцці, якую неабходна прыняць і належным чынам увасабляць у жыццё, - сказаў Дзяржсакратар.

Разам з тым іерарх выказаў спадзяванне на аднаўленне дыялогу. “Спадзяюся, што, як гэта ўжо здаралася ў мінулым, будуць зроблены наступныя крокі дзеля працягу дыялогу, у тым ліку са Святарскім брацтвам святога Пія Х. Нягледзячы на гэту сур’ёзную рану, нанесеную адзінству Касцёла, я веру, што будзе магчымым аднавіць перамовы і знайсці шляхі да вырашэння гэтай праблемы”, - заявіў Дзяржсакратар.
 

02 ліпеня 2026, 10:42