Кардынал Тагле падчас беатыфікацыі ў В'етнаме Кардынал Тагле падчас беатыфікацыі ў В'етнаме  (AFP or licensors)

Кардынал Тагле ўзначаліў першую беатыфікацыю ў В’етнаме

2 ліпеня 2026 года адбылася беатыфікацыя айца Францішка Ксаверыя Чуонг Буу Дзіепа – першага благаслаўлёнага в’етнамскай зямлі. Памяць пра мучаніцкую смерць гэтага каталіцкага святара жыве і сёння, а ўшаноўваюць яго не толькі хрысціяне, але і прадстаўнікі іншых канфесій В’етнама.

Ян Глінскі

Больш за 70 тысяч католікаў сабраліся на цырымоніі беатыфікацыі ў касцёле Так Сай, што ў дыяцэзіі Кан Тхо (дэльта Меконга на Поўдні В’етнама). Эўхарыстыю ўзначаліў спецыяльны папскі пасланнік кардынал Луіс Антоніа Тагле.

Прапрефект Дыкастэрыі па евангелізацыі, разважаючы ў сваім казанні пра мучаніцтва, нагадаў аб евангельскіх благаслаўленнях. Ключом да іх разумення з’яўляецца тое, дзеля Каго чалавек церпіць ганенні. Прыклад новага благаслаўлёнага, як адзначыў папскі пасланнік, заахвочвае нас адказаць сабе на пытанні адносна жыццёвых выбараў: “Узбагаціцца праз карупцыю ці застацца беднымі, але з чыстым сумленнем? Назапашваць маёмасць, якая нам не патрэбна, ці дзяліцца ёю з беднымі і патрабуючымі? Шукаць уласнай бяспекі ці выгодаў або прымаць пакуты іншых? Калі вы абярэце Езуса, вы будзеце благаслаўлёнымі”.

Мучаніцтва – чарговая тэма, якую закрануў у сваім казанні ватыканскі іерарх. Ён адзначыў, што гэта не толькі пра смерць і пакуты, гэта пра значна большае. “Мучанік абвяшчае праўду пра Езуса сваімі словамі, справамі і адносінамі, – падкрэсліў кардынал Тагле. – Гатоўнасць памерці за праўду аб Езусе надае больш верагоднасці яго сведчанню. Мучанік – гэта місіянер у вышэйшай ступені. Хто можа даць сапраўднае сведчанне пра Езуса? Толькі той, хто жыве Яго праўдай”.

Як дадаў прапрэфект, “мучанік мужна і пакорна падтрымлівае святло Езуса, калі іншыя імкнуцца яго згасіць”. “Ён дапамагае свету, які заблытаўся, адкрыць праўду, дае яму надзею. Менавіта гэтая надзея на Хрыста дае мучанікам сілы і мужнасць заставацца вернымі перад абліччам ганенняў. Благаслаўлёны айцец Францішак Ксаверый Чуонг Буу Дзіеп зрабіў свой выбар, які прывёў яго да сузірання Бога. А які выбар зробім мы?”.

Святар, які служыў кожнаму і аддаў жыццё за многіх

Чуонг Буу Дзіеп нарадзіўся 1 студзеня 1897 у сённяшняй правінцыі Анзянг у каталіцкай сям’і сялянаў. У 1924 годзе атрымаў святарскае пасвячэнне. Першыя душпастырскія гады айца Францішка Ксаверыя прайшлі ў Камбоджа. У 1930 годзе ён быў накіраваны ў парафію Так Сай, дзе прысвяціў сябе служэнню бедным, хворым, дзецям і ахвярам вайны. Яго памятаюць як святара, які прымаў усіх патрабуючых, незалежна ад палітычных перакананняў, рэлігійнай і этнічнай прыналежнасці.

У 1945-1946 гадах у В’етнаме, спустошаным вайною, людзі жылі ў страху, і айцу Францішку Ксаверыю раілі пакінуць краіну. Але душпастыр пажадаў застацца з паствай. 12 сакавіка 1946 года апалчэнцы з секты каадаістаў затрымала ў Так Сай каля 70 чалавек з намерам спаліць іх жывымі. Айцец Дзіеп прапанаваў сваё жыццё ў абмен на вызваленне закладнікаў і быў жорстка забіты. Парэшткі святара былі пахаваны ў парафіяльным касцёле.
 

03 ліпеня 2026, 07:43