Дэкрэт і тлумачальная нота Дыкастэрыі веравучэння Дэкрэт і тлумачальная нота Дыкастэрыі веравучэння 

Дыкастэрыя веравучэння: Брацтва святога Пія Х – у стане расколу

Дыкастэрыя веравучэння растлумачыла наступствы біскупскай кансэкрацыі ў Эконе: святары Брацтва Пія Х – у расколе, свецкія вернікі рызыкуюць экскамунікай.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Дыкастэрыя веравучэння апублікавала дадатковую тлумачальную ноту да дэкрэту, звязанага з падзеямі 1 ліпеня 2026 года, калі ў семінарыі ў Эконе, у Швейцарыі, Брацтва святога Пія Х правяло кансэкрацыю чатырох біскупаў без папскага мандату.

Дакумент падпісаны 2 ліпеня 2026 года прэфектам дыкастэрыя кардыналам Віктарам Мануэлем Фернандэсам разам з сакратарамі дактрынальнай і дысцыплінарнай секцый.

У тэксце нагадваецца, што спробы вярнуць паслядоўнікаў руху, распачатага арцыбіскупам Марсэлем Лефеўрам, да поўнай еднасці з Каталіцкім Касцёлам, якія Святы Пасад рабіў яшчэ з часоў Паўла VI і аж да апошніх сумесных размоў у Ватыкане, не прынеслі выніку. Сітуацыя, паводле аўтараў, яшчэ больш абвастрылася праз нядаўнія біскупскія пасвячэнні, здзейсненыя без папскага мандату, насуперак волі Пантыфіка і ў парушэнне канічнага права.

Дыкастэрыя падкрэслівае, што такое дзеянне ўтварае злачынства расколу з адпаведнымі канічнымі наступствамі як для святароў, так і для свецкіх вернікаў, якія да яго далучыліся. Тэкст спасылаецца на дэкларацыю 1988 года, у якой Ян Павел ІІ ужо адзначаў: "такая непаслухмянасць, якая нясе з сабою практычную адмову ад рымскага прымату, з'яўляецца схізматычным актам".

Першы пункт ноты датычыцца святароў Брацтва святога Пія Х: яны знаходзяцца ў стане расколу і павінны лічыцца схізматыкамі, а таксама падлягаюць экскамуніцы, прадугледжанай правам паводле канона 1364 §1 Кодэксу канічнага права. Другі пункт тычыцца свецкіх: схізматыкамі і экскамунікаванымі лічацца тыя вернікі, якія фармальна далучыліся да Брацтва на ўмовах, вызначаных у тлумачальнай ноце Папскай рады па заканадаўчых тэкстах ад 1996 года, якая, як удакладняе Дыкастэрыя, далей дзейнічае і прымяняецца на практыцы.

Трэці пункт ноты папярэджвае Божы народ, што святары Брацтва святога Пія Х цэлебруюць сакрамэнты нязгодна з правам, а сакрамэнт пакаяння і сужэнства з іх удзелам з’яўляюцца нядзейснымі.

Дакумент нагадвае і пра іншы бок справы. Касцёл, як клапатлівая Маці, прыме з шчырай любоўю і жывою заклапочанасцю ўсіх, хто пажадае вярнуцца да поўнай еднасці, а апостальскія нунцыі падрыхтуюць працэдуры, якімі змогуць скарыстацца ардынарыі ў розных выпадках. Насамрэч, менавіта такое запрашэнне да вяртання застаецца галоўнай мэтай усёй ноты.

Насамрэч, Дыкастэрыя заклікае ўсіх вернікаў заставацца моцнымі ў еднасці з Рымскім Пантыфікам, з біскупамі, якія знаходзяцца ў еднасці з ім, і з усім Касцёлам, спасылаючыся на "Lumen Gentium" і кананон 751 Кодэксу канічнага права.

Вернікаў таксама заклікаюць устрымлівацца ад удзелу ў набажэнствах і дзейнасці, якую арганізуе Брацтва святога Пія Х.
 

02 ліпеня 2026, 10:23