Нобелеўскія лаўрэаты збяруцца ў Кастэль-Гандольфа
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
З 14 па 16 ліпеня 2026 года ў мястэчку "Laudato si’" у Папскіх садах у Кастэль-Гандольфа разгорнецца маштабны міжнародны форум. У Сусветным сходзе лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі прымуць удзел больш за 200 высокіх гасцей.
Праграма адкрыецца прывітаннем ад новага пра-прэфекта Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека кардынала Фабіа Баджа. Іерарх таксама з'яўляецца дырэктарам Цэнтра вышэйшай адукацыі "Laudato si’". Да яго далучыцца кардынал Сільвана Тамазі, які ўзначальвае Фонд "Domus Communis" – арганізацыі, якая выступае ініцыятарам форуму супольна са Сходам лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі за прадухіленне ядзернай вайны і Цэнтрам Юнуса.
Сярод дакладчыкаў заяўлены лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру Мухамад Юнус, былы прэзідэнт Калумбіі Хуан Мануэль Сантас і журналістка Марыя Рэса. Сваё бачанне праблемы прадставяць кіраўнікі такіх буйных тэхналагічных карпарацый, як "Anthropic", "OpenAI" і "Google DeepMind".
Гэта важная ініцыятыва натхнёная энцыклікай Льва XIV "Magnifica humanitas", прысвечанай абароне чалавечай асобы. Яна цалкам адлюстроўвае канцэпцыю абяззброенага і абяззбройваючага міру, агучаную цяперашнім Папам.
Завяршэннем форуму стане падпісанне сумеснай "Рымскай дэкларацыі" і выніковая прэс-канферэнцыя.