Пошук

Дапаможны біскуп Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі Аляксандр Язлавецкі Дапаможны біскуп Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі Аляксандр Язлавецкі 

Біскуп: кожная парафія ва Украіне стала маленькім Caritas

Пасля чарговых расійскіх масіраваных ракетных удараў па грамадзянскай інфраструктуры ва Украіне без святла, цяпла і вады застаюцца мільёны людзей. Касцёл і дзяржава намагаюцца вырашыць сітуацыю.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Святло адсутнічае ва ўсіх вялікіх гарадах Украіны. Насельніцтва папярэдзілі, што яго можа не быць 24 гадзіны. У першы момант я атрымаў шматлікія паведамленні і фотаздымкі, якія дакументавалі выбухі. Потым наступіла ціша”, - падзяліўся з Vatican News дапаможны біскуп Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі Аляксандр Язлавецкі.

Іерарх распавёў, што ў выніку абстрэлаў у Кіеве загінулі па меншай меры тры чалавека, яшчэ тры атрымалі раненні. Ён падкрэсліў, што адсутнасць інтэрнэту і мабільнай сувязі, з-за чаго ў людзей няма магчымасці камунікаваць са сваімі блізкімі, яшчэ больш павялічвае страх. “Сірэны гучаць па ўсёй краіне, таму што бамбардзіроўкі адбываюцца па ўсёй нацыянальнай тэрыторыі”, - сказаў ён, адзначаючы, што ў гарадах не працуе метро і грамадскі транспарт. “Тыя, хто вераць Бога – моляцца”, - дадаў ён .

Біскуп Язлавецкі зазначыў, што тэмпература паветра ў Кіеве апусцілася ніжэй за нуль. Раней, калі электрычнасць адключалася на 4-5 гадзін у дзень, людзі мелі магчымасць прагрэць свае кватэры: цяпер жа ім даводзіцца сядзець у холадзе ўвесь дзень. У асабліва цяжкай сітуацыі апынуліся сем’і з дзецьмі і пажылымі людзьмі.

Касцёл і дзяржава намагаюцца адказаць на гэту надзвычайную сітуацыю. “Мы спрабуем набыць генератары, але іх больш не знайсці ва Украіне. Тое, што было ў крамах ужо раскупілі. Таксама і ў Польшчы іх нялёгка знайсці: мы шукаем паўсюль, бо толькі дзякуючы генератарам можна мець крыху цяпла і святла. У вялікіх гарадах нашы ўлады арганізавалі пункты ацяплення, дзе людзі могуць знайсці крыху святла, падлучыцца да інтэрнэту, а ў першую чаргу, крыху сагрэцца”, - падзяліўся біскуп.

Іерарх заўважыў, што актыўную дапамогу насельніцтву аказваюць аддзяленні Caritas Рыма-Каталікага Касцёла і Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы. Валанцёры раздаюць прадукты харчавання, цёплыя рэчы, коўдры, ваўчары, на якія сем’і могуць рабіць пакупкі ў крамах. “Кожная парафія стала маленькім Caritas”, - сказаў ён, заклікаючы дапамагчы ўкраінскаму народу генератарамі, гасціннасцю, а ў першую чаргу малітвай.
 

24 лістапада 2022, 12:14