Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Касцёл у ЗША аб новых метадах у дачыненні да цел памерлых

Касцёл лічыць пахаванне "найбольш адпаведным спосабам праявы павагі да цела памерлага", паколькі яно "ясна выказвае нашу веру і надзею на ўваскрасенне цела" - нагадаў Камітэт веравучэння епіскапату ЗША (USCCB).

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Аўтары спецыяльнай заявы адзначылі непрымальнасць выкарыстання ў дачыненні да цела памерлага такіх тэхналогій, як шчолачны гідроліз і кампаставанне.

Кожны чалавек створаны на вобраз і падабенства Божае і валодае неад'емнымі годнасцю і каштоўнасцю. Больш за тое, “паколькі кожны мужчына і кожная жанчына ўяўляюць сабой адзінства душы і цела, павага да асобы павінна ўключаць павагу да цела". Менавіта таму Касцёл лічыць пахаванне "найбольш прыдатным спосабам праявы павагі да цела памерлага”.

Было адзначана, што хоць Касцёл дапускае крэмацыю, калі толькі яна не абраная па прычынах, якія супярэчаць каталіцкай веры, пераважным метадам з'яўляецца пахаванне.

Ужываючы асноўныя прынцыпы, выкладзеныя ў Інструкцыі аб пахаванні памерлых і захаванні праху ў выпадку крэмацыі (Ad resurgendum cum Christo), выдадзенай тагачаснай Кангрэгацыяй Веравучэння ў 2016 годзе, Камітэт даў ацэнку двум найбольш вядомых новым метадам, якія пачалі прымяняць у дачыненні да чалавечых парэшткаў у якасці альтэрнатывы пахаванню і крэмацыі – шчолачнаму гідролізу і кампаставанню. Ён прыйшоў да высновы, што такія падыходы не адпавядаюць патрабаванням Касцёла адносна належнай павагі да цел памерлых.

Пасля працэсу шчолачнага гідролізу застаецца амаль 400 літраў вадкасці, у якой растварылі большую частку цела; да яе затым падыходзяць як да сцёкавай вады. Пасля завяршэння працэсу кампаставання цела чалавека цалкам раскладаецца разам з спадарожнымі расліннымі рэчывамі, утвараючы адзіную масу кампоста, у якой нішто не адрознівае самога цела; гэта не дазваляе пакінуць яго ў святым месцы, - гаворыцца ў аналізе.

Дактрынальны камітэт епіскапату ЗША завяршыў сваю заяву напамінам: каталіцкая вера вучыць аб тым, што наша канчатковае прызначэнне як чалавечых істот уключае ў сябе цялеснасць, "таму мы абавязаны паважаць нашу цялеснасць на працягу ўсяго нашага жыцця і паважаць целы памерлых, калі іх зямное жыццё падышло да канца”.
 

24 сакавіка 2023, 10:13