Біскуп: рэлігія ніколі не павінна быць прычынай гвалту
Аляксандр Панчанка – Vatican News
З нагоды Міжнароднага дня памяці ахвяр актаў насілля на аснове рэлігіі або перакананняў, які адзначаўся 22 жніўня, нямецкі іерарх падкрэсліў, што “ў свеце, пазначаным адметнасцямі і разнастайнасцю вераванняў, мы ніколі не павінны закрываць вочы на пераслед вернікаў”.
“Гэты дзень нагадвае нам, што мы павінны заставацца з’яднанымі супраць сектанцкага гвалту, каб збудаваць больш справядлівы і мірны свет”, - прыводзіць словы біскупа Маера інфармацыйнае агенцтва SIR.
Іерарх выказаў заклапочанасць павелічэннем колькасці нападаў на хрысціян ва ўсім свеце, адзначаючы, што мае на ўвазе не толькі нядаўні выбух насілля ў Пакістане, але таксама лёс вызнаўцаў Хрыста ў Паўночнай Карэі, Нігерыі, Індыі і Іране.
“Пераслед хрысціян у свеце – гэта сумная рэчаіснасць, якая павінна абудзіць нас і падштурхнуць да дзеянняў. Рэлігія ніколі не павінна быць прычынай гвалту. Наш абавязак, незалежна ад нашай рэлігійнай прыналежнасці – бараніць свабоду вернікаў і разам працаваць на карысць свету без дыскрымінацыі і насілля, выкліканых рэлігіяй”, - дадаў ён.
Біскуп Маер перакананы, што міжнародная супольнасць паклікана “змагацца з рэлігійнай нецярпімасцю і гарантаваць абарону і належную падтрымку тым, хто пакутуе з прычыны свайго веравызнання”.
На думку іерарха, “міжрэлігійны дыялог можа сыграць вырашальную ролю ў змаганні з нянавісцю і гвалтам на рэлігійнай глебе”. У сувязі з гэтым ён нагадаў пра вялікую адказнасць рэлігійных лідараў, пакліканых супрацьстаяць узнікненню фундаменталізма і актыўна прасоўваць міжрэлігійны дыялог і мір.