Пошук

Катэдральны касцёл Маці Божай Аравійскай у Авалі (Бахрэйн) Катэдральны касцёл Маці Божай Аравійскай у Авалі (Бахрэйн) 

Касцёл на Аравійскім паўвостраве рады зноў прывітаць Папу

Прысутнасць хрысціян на Аравійскім паўвостраве дала іншы колер грамадству ў якім яны жывуць, перакананы Апостальскі вікарый Паўночнай Аравіі біскуп Альда Бэрардзі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

1-3 снежня 2023 года Папа адправіцца ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, каб прыняць удзел у кліматычнай канферэнцыі ААН COP28, якая адбудзецца ў Дубаі. Гэта будзе трэці візіт Францішка на Аравійскі паўвостраў. У 2019 годзе ён наведаў сталіцу ААЭ горад Абу-Дабі, а ў 2019 годзе здзейсніў пілігрымку ў Бахрэйн.

“Нас, хрысціян гэтага рэгіёну, вельмі шмат, і гэта новая нагода для таго, каб звярнуць увагу на нашу прысутнасць і на гады евангелізацыйнай працы і асабістага навяртання, якія далі іншы колер грамадству, у якім жывём”, - сказаў біскуп Бэрардзі, дадаючы: “Для нас прыняць Папу зноў – гэта благаслаўленне”.

Візіт Святога Айца на канферэнцыю ААН у Дубаі супадзе з Юбілейным годам, які 24 кастрычніка распачаўся ў Апостальскіх вікарыятах Паўночнай і Паўднёвай Аравіі з нагоды 1500-годдзя мучаніцтва святога Арэта і больш чым чатырох тысяч іншых хрысціян. Яны загінулі ў часы пераследу, які быў ініцыяваны ў 523 годзе хім’ярыцкім царом Юсуфам Зу Навасам у Наджраце, на поўдні сучаснай Саудаўскай Аравіі.

Па словах біскупа Бэрардзі, Юбілей мае важнае гістарычнае і духоўнае значэнне. Па-першае ён нагадвае пра старадаўнюю прысутнасць хрысціян на Аравійскім паўвостраве, якая папярэднічала з’яўленню тут ісламу, а па-другое заахвочвае мясцовых хрысціян быць вернымі і мужнымі вучнямі Езуса, натхняючыся прыкладам вернікаў, якія жылі ў гэтым рэгіёне ў старажытнасці і былі гатовыя бараніць сваю веру і прасоўваць дух Евангелля.
 

04 лістапада 2023, 10:47