Кардынал Краеўскі асвяціў новы прытулак для жанчын
Ян Глінскі
Дом міласэрнасці быў заснаваны ў 2023 годзе пры мясцовай парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай у будынку, які не выкарыстоўваўся. Пасля яго адкрыцця парафіяльная супольнасць вырашыла зрабіць штосьці большае і абсталявала чатыры пакоі з санвузламі на першым паверсе, што стала магчымым дзякуючы ахвяраванням шматлікіх дабрачынцаў і фінансаванню дыяцэзіі.
“Гэта кропля ў моры, якая, мы маем надзею, дапаможа зменшыць пагрозы, якім могуць падвяргацца некаторыя самотныя жанчыны: эксплуатацыя, сацыяльнае выключэнне і негатыўныя наступствы гэтага”, - адзначыў ксёндз Аронца Стэфанэлі, пробашч парафіі ў Мелісане.
Адкрыццю прытулка папярэднічала святая Імша, якую канцэлебравалі кардынал Конрад Краеўскі і біскуп дыяцэзіі Нарда-Галіполі Фернанда Філаграна. Пасля літургіі адбылося асвячэнне будынка. Дом міласэрнасці будзе функцыянаваць пад патранатам каталіцкага дабрачыннага таварыства Caritas.
Па словах душпастыра, ідэя адкрыць асяродак такога тыпу ўзнікла пасля таго, як па дапамогу ў касцёл сталі прыходзіць не толькі мясцовыя, але і мноства людзей з-за межаў Еўрасаюзу, якія ўцякалі ад войнаў і насілля.
Акрамя гэтага, у дадзеным рэгіёне час эпідэміі Covid прывёў да росту беспрацоўя, нелегальнай працы, злачыннасці, у тым ліку арганізаванай. Усё гэта ўказала на патрэбу адкрыцця дома міласэрнасці і прытулка для жанчын.