Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Сонечная рэвалюцыя ў аўстрыйскіх парафіях

Да 2030 года ўсе парафіі дыяцэзіі Грац-Зэкаў у Аўстрыі будуць абсталяваны сонечнымі батарэямі. Гэта дазволіць самастойна забяспечваць электраэнергіяй касцельныя аб'екты і мясцовых жыхароў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Аўстрыйская дыяцэзія ўжо распачала маштабную экалагічную ініцыятыву, накіраваную на ўкараненне сонечнай энергетыкі. Як паведамляе дыяцэзіяльная газета Sonntagsblatt, рашэнне абумоўлена неабходнасцю аховы навакольнага асяроддзя і эканамічнымі меркаваннямі.

"Наша мэта – штогод пераводзіць да 30 парафій на сонечную энергію. Гэта абараняе навакольнае асяроддзе і зніжае эксплуатацыйныя выдаткі касцёла", - падкрэслівае Марцін Хальмер, эканом дыяцэзіі Грац-Зэкаў.

Праект прадугледжвае не толькі ўстаноўку сонечных батарэй, але і стварэнне так званых энергетычных супольнасцей. Па словах Хальмера, да 2030 года ўсе "парафіі з інтэнсіўным парафіяльным жыццём будуць пераведзены на экалагічную сонечную энергію".

На дадзены момант, паводле інфармацыі Sonntagsblatt, каля 40 парафій і касцельных устаноў дыяцэзіі Грац-Зэкаў ужо маюць фотаэлектрычныя ўстаноўкі, а яшчэ 5 праектаў знаходзяцца ў стадыі рэалізацыі. Акрамя таго, кожная парафія з сонечнымі батарэямі будзе абсталявана зараднай станцыяй для электрамабіляў і сістэмай назапашвання электраэнергіі.
 

14 лютага 2025, 10:59