Арцыбіскуп Ізміра: "Чакаем Папу ў Турцыі"
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У год 1700-годдзя Нікейскага Сабора Турцыя, дзе знаходзіцца старажытная Нікея (сучасны Ізнік), рыхтуецца да магчымага папскага візіту. Арцыбіскуп Ізміра Марцін Кмэтэц у размове з агенцтвам „Fides” выказаў надзею на хуткае афіцыйнае пацвярджэнне гэтай падзеі.
Юбілей прыцягвае хрысціян з усяго свету. "З Ізміра, са Стамбула і з іншых дыяцэзій арганізуюцца пілігрымкі вернікаў у Нікею. Прыбываюць таксама супольнасці з-за мяжы," - адзначае арцыбіскуп.
Паводле слоў іерарха, гэтая гадавіна выклікала значную цікавасць сярод хрысціян у Турцыі і матывавала іх паглыбіць веды пра гісторыю Касцёла. "Скарб веры, атрыманы 1700 гадоў таму ў Нікеі, заклікае сучасных хрысціян прыняць яго, захаваць і жыць ім штодзённа," - падкрэслівае ён.
Юбілей мае асаблівае значэнне для экуменічнага дыялогу, паколькі гадавіну адзначае таксама Праваслаўная Царква. Арцыбіскуп узгадаў пра экуменічны сімпозіум у Анталіі пад дэвізам "Выйсці ад Нікеі". "Гэта дапамагло нам сканцэнтравацца на змесце веры, асабліва на таямніцы Уцелаўлення Хрыста, які аб'яўляе як боскую, так і чалавечую прыроду", - заўважыў ён.
Папа Леў XIV ужо пацвердзіў, што візіт знаходзіцца ў стадыі падрыхтоўкі. "Яго першыя словы: 'Мір вам', глыбока нас закранулі. Мы верым, што ён будзе падтрымкай не толькі для нашай малой супольнасці ў Турцыі, але і для ўсяго Касцёла," - кажа іерарх.
Падрыхтоўка да папскага візіту пачалася яшчэ падчас пантыфікату Францішка. "Усё ідзе ў добрым кірунку," - запэўнівае арцыбіскуп Ізміра.
Католікі ў Турцыі складаюць менш за 0,1 працэнта насельніцтва – некалькі дзясяткаў тысяч вернікаў.