Арцыбіскуп Тэгерана: мір – гэта дар і адказнасць
Ян Глінскі
Мінуў месяц пасля ўступлення ў сілу пагаднення аб спыненні агню паміж Ізраілем і Іранам, а трывалы мір па-ранейшаму застаецца недасяжным. “Усё ўказвае на тое, што бакі канфлікту не імкнуцца да перамоваў, а назапашваюць зброю для чарговай канфрантацыі”, - лічыць іерарх.
Па словах кардынала Мацьё, якога цытуе агенцтва Fides, існуючая напружанасць нагадвае небяспечны тупік: дасягненню рацыянальнага выйсця перашкаджаюць узаемныя абвінавачванні і ідэалагічная варожасць.
Геапалітычныя інтарэсы і разлікі ўлады вядуць да павелічэння канфлікту паміж народамі, а штодзённыя ахвяры сярод мірнага насельніцтва ўспрымаюцца як “другасныя страты”, - заўважыў ён.
Кардынал Дамінік Мацьё перакананы, што “мірнае суіснаванне” магчыма пры ўзаемным прызнанні і дыпламатыі. “Людзі хочуць жыць у міры, але іх кіраўнікі трапілі ў пастку варожасці, якая размаўляе толькі на мове зброі”, - дадаў арцыбіскуп Тэгерана, падкрэсліўшы пры гэтым, што прэвентыўная вайна ці так званае ядзернае стрымліванне не з’яўляецца вырашэннем канфлікту, а толькі павялічвае рызыку яго далейшай эскалацыі.
Іерарх у якасці альтэрнатывы прывёў хрысціянскае разуменне міру, а менавіта канцэпцыю святога Аўгустына tranquillitas ordinis – мір, які вынікае з парадку. Іранскі кардынал падкрэсліў, што сутнасць не ў адсутнасці канфлікту, а ў справядлівым парадку, які базуецца на дыялогу, справядлівасці і духоўным аднаўленні. “Мір – гэта дар ад Бога, але і адказнасць, якую палітычныя і рэлігійныя лідары павінны фарміраваць”, - дадаў ён.
Кажучы адносна ролі Касцёла, кардынал Мацьё падкрэсліў: “Мы падтрымліваем усіх, асабліва найслабейшых – без дыскрымінацыі”. Касцёл не займае нейкі бок, ён выступае “за мір і за паяднанне”. Дыпламатыя Апостальскай Сталіцы імкнецца стварыць прастору для сумленных перамоваў, а таксама прапанаваць надзею як “прыладу міласэрнасці”.
Як сцвердзіў арцыбіскуп Тэгерана, веруючыя розных рэлігій павінны жыць, як браты, а не “змагацца з унікальнасцю іншых”.