Патрыярх Барталамей: будучыня жыцця на Зямлі пад пагрозай
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Патрыярх Барталамей І у адмысловым пастырскім лісце падкрэслівае непарыўную сувязь паміж павагай да прыроды і чалавека. Экалагічныя і сацыяльныя праблемы маюць агульны корань – аддаленне ад Бога.
Іерарх выступае супраць "аўтаномнай прыроды эканомікі" як адзінага шляху развіцця і "наіўнай веры" ў здольнасць прыроды да самаўзнаўлення насуперак кліматычным зменам. Ён заклікае вернікаў да экалагічна свядомага жыцця, малітвы за стварэнне і працы на карысць культуры салідарнасці. І пераконвае, што “увасабленне экалагічных наступстваў веры на практыцы” з'яўляецца ключавым вымярэннем праваслаўнай ідэнтычнасці.
Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння бярэ пачатак у 1989 годзе, калі Патрыярх Канстантынопальскі Дзімітрыёс заклікаў "увесь праваслаўны і хрысціянскі свет" маліцца 1 верасня за захаванне Божага стварэння. У 1992 годзе ініцыятыва была прынята ўсёй Праваслаўнай Царквой, а затым і каталіцкімі і пратэстанцкімі супольнасцямі.
У 2015 годзе Папа Францішак афіцыйна ўключыў 1 верасня ў каталіцкі каляндар як Дзень малітвы аб ахове стварэння, якім пачынаецца “Час стварэння”, што працягваецца да 4 кастрычніка – дня ўспаміну святога Францішка Асізскага.