Пошук

Кардынал Поль Пупар Кардынал Поль Пупар 

Кардынал Пупар: 95 гадоў служэння Касцёлу і дыялогу

Калі ў 1962 годзе адкрыўся Другі Ватыканскі Сабор, ён ужо працаваў у Дзяржаўным сакратарыяце, а ў 1980 годзе стаў пра-старшынёй Сакратарыята па справах няверуючых.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кардынал Поль Пупар, былы старшыня Папскіх рад па культуры і міжрэлігійным дыялогу, 30 жніўня 2025 года адзначыць сваё 95-годдзе. На працягу 27 гадоў, з 1980 да выхаду на пенсію ў 2007 годзе, француз займаў кіруючыя пасады ў Святым Пасадзе, часам застаючыся ў ролі кіраўніка для некалькіх ведамстваў адначасова.

Ян Павел II і яго наступнік Бэнэдыкт XVI даручалі яму задачы на сумежжы веры, культуры, духу часу і дыялогу. Шырокую ўвагу яго ведамства атрымала, напрыклад, у 2003 годзе з дакументам на тэму руху "Нью Эйдж".

Ураджэнец раёна Анжэ, Пупар упершыню прыбыў у Рым у 1959 годзе як малады святар, каб працаваць у Дзяржаўным сакратарыяце. На гэтай пасадзе ён прысутнічаў пры адкрыцці Другога Ватыканскага Сабора ў 1962 годзе. У 1971 годзе ён вярнуўся на Радзіму і стаў рэктарам Каталіцкага інстытута ў Парыжы. У 1979 годзе атрымаў біскупскае пасвячэнне і стаў дапаможным біскупам сталічнай архідыяцэзіі.

Ужо праз год Ян Павел II паклікаў яго ў Рым і прызначыў наступнікам кардынала Франца Кёніга на пасадзе пра-старшыні Сакратарыята па справах няверуючых. Пасля прызначэння кардыналам у 1985 годзе Пупар стаў старшынёй перайменаванай Папскай рады па дыялогу з няверуючымі; праз тры гады ён дадаткова ўзначаліў Папскую раду па культуры. Калі абодва ведамствы аб'ядналіся ў 1993 годзе, Пупар стаў старшынёй новай, пашыранай установы.

Бэнэдыкт XVI (2005-2013) у 2005 годзе дадаткова даручыў французу старшынства ў Радзе па міжрэлігійным дыялогу.

У цяперашні час у Калегіі кардыналаў сем французаў. З іх пяць маладзейшыя за 80 гадоў і, такім чынам, маюць права ўдзельнічаць у магчымым канклаве па выбары Пантыфіка.
 

28 жніўня 2025, 12:20