Біскупы Еўропы: інтэгральная экалогія – адказнасць перад Богам
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
19-21 верасня 2025 года ў Кастэль-Гандольфа каля Рыма адбылася сустрэча біскупаў-дэлегатаў епіскапатаў Еўропы і дырэктараў касцельных бюро па ахове стварэння, прысвечаная дзесяцігоддзю энцыклікі "Laudato si'".
Плён энцыклікі "Laudato si'"
Украінскі грэка-каталіцкі епіскап Багдан Дзюрах, старшыня Секцыі па ахове стварэння Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (ССЕЕ), назваў энцыкліку вяхой у навучанні і дзейнасці Каталіцкага Касцёла ў сферы экалогіі.
Сястра Алесандра Смерыллі з Дыкастэрыі па інтэгральным развіцці чалавека адзначыла, што дакумент стаў пачаткам трывалых працэсаў у сферах падрыхтоўкі да святарства, душпастырства, міжрэлігійнага дыялогу і міжнароднага супрацоўніцтва.
Божы дар, а не ідэалогія
"Стварэнне трэба разумець у перспектыве Божага дару для чалавецтва, а не як тэму, прадыктаваную ідэалогіяй", - падкрэсліў арцыбіскуп Гінтарас Грушас, старшыня CCEE.
Паводле Мітрапаліта Віленскага, "інтэгральная экалогія выходзіць за межы мовы дакладных навук, каб злучыцца з існасцю чалавека і адкрыцца на поўнае развіццё чалавечага роду з улікам гуманітарнага, эканамічнага і сацыяльнага вымярэнняў".
Тры прыярытэты
Прафесар Кармады Грэй з Універсітэта імя Радбуда вызначыла тры прыярытэты: пацвярджэнне клопату пра навакольнае асяроддзе як абавязку веры, барацьба з экалагічнай несправядлівасцю і будаўніцтва ўстойлівых супольнасцей. Яна падкрэсліла, што гэта пытанне "адказнасці перад беднымі і тымі, хто яшчэ не нарадзіўся".
Айцец-прафесар Штэфан Гейгер з Папскага літургічнага інстытута звярнуў увагу на глыбокую сувязь паміж хрысціянскай духоўнасцю і клопатам пра стварэнне. Ён сцвердзіў, што хрысціянская духоўнасць – гэта не тэорыя, а канкрэтны лад жыцця, які нараджаецца з прызнання чалавека часткай стварэння. Яна ахоплівае душу і цела, асабісты досвед і літургічнае жыццё.
Удзельнікі сустрэчы пазнаёміліся з праектамі экалагічных арганізацый і наведалі Мястэчка “Laudato Si'”, размешчанае ў папскай летняй рэзідэнцыі Кастэль-Гандольфа – прыклад устойлівага развіцця і ўвасаблення інтэгральнай экалогіі.