Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Даследчыкі выявілі моцныя і слабыя бакі падрыхтоўкі святароў

Новае даследаванне паказвае, што духоўныя кіраўнікі ў цэлым задаволеныя падрыхтоўкай семінарыстаў, але псіхалагічная ацэнка кандыдатаў патрабуе ўдасканалення ў некаторых важных аспектах.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Цэнтр даследаванняў апостальскай дзейнасці пры Джорджтаўнскім універсітэце (CARA) сумесна з Інстытутам касцельнага жыцця Макгрэта выдалі 24 верасня 2025 года грунтоўны даклад па ацэнцы прыдатнасці кандыдатаў да святарскіх пасвячэнняў, які вывучае ролю псіхалагічнага суправаджэння ў фарміраванні святароў.

Даследаванне, на якое спасылаецца “OSV News”, заснаванае на апытаннях біскупаў, адказных за пакліканні, рэктараў семінарый і спецыялістаў па псіхічным здароўі ў ЗША, выявіла, што большасць касцельных кіраўнікоў задаволеныя праграмамі фарміравання ў сваіх семінарыях. Рэспандэнты адзначылі, што навучальныя ўстановы паспяхова выхоўваюць у кандыдатаў адкрытасць да духоўнага росту і здольнасць да саманазірання, што з'яўляецца важным фундаментам для святарскага служэння.

Аднак былі выяўлены некалькі праблемных сфер, дзе фармацыя да святарства патрабуе ўмацавання. Найменш упэўненасці выказвалася ў здольнасці семінарый дапамагаць будучым святарам кіраваць сваімі псіхалагічнымі праблемамі, канструктыўна жыць з медыцынскімі абмежаваннямі, эфектыўна спраўляцца з цяжкасцямі ў навучанні і пераадольваць нездаровыя ці залежныя паводзіны.

Падчас апытання спецыялісты ў галіне псіхічнага здароўя адзначылі, што псіхалагічная ацэнка кандыдатаў часта не дастаткова глыбока ўлічвае пытанні псіхалагічнай сталасці і асабістай гісторыі будучых святароў.

Эксперты прапанавалі шэраг рэкамендацый для ўдасканалення працэсу ацэнкі, уключаючы больш глыбокае вывучэнне гісторыі і культурнага асяроддзя кандыдатаў і лепшую інтэграцыю псіхалагічных паслуг у агульную праграму фармацыі.

Даследаванне падкрэслівае, што ў часы, калі Касцёл сутыкаецца з рознымі выклікамі, якасная і грунтоўная падрыхтоўка святароў застаецца адным з найважнейшых прыярытэтаў для забеспячэння здаровага духоўнага лідарства ў будучыні.
 

26 верасня 2025, 11:41