Пошук

Апостальскі нунцый у Балтыйскіх краінах арцыбіскуп Георг Генсвайн Апостальскі нунцый у Балтыйскіх краінах арцыбіскуп Георг Генсвайн 

Нунцый у Балтыйскіх краінах пра выклікі мірнай дыпламатыі

Апостальскі нунцый у Балтыйскіх краінах арцыбіскуп Георг Генсвайн заявіў, што касцельная дыпламатыя міру паміж Украінай і Расіяй сутыкаецца з цяжкасцямі з прычыны пазіцыі Масквы, якая "не прыняла працягнутую руку Папы".

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"Працягнутая рука Папы не была прынятая расійскім бокам", - адзначыў дыпламат у інтэрв'ю каталіцкаму штотыднёвіку "Die Tagespost".

На думку Генсвайна, Святы Пасад можа паспяхова пасрэднічаць толькі тады, калі абодва бакі канфлікту адчуваюць "шчыры давер і сапраўдную гатоўнасць да міру". "На жаль, канкрэтная рэальнасць выглядае інакш", – дадаў ён.

Намаганні Льва XIV дзеля міру ва Украіне, паводле слоў арцыбіскупа, вельмі цэняцца ў Балтыйскім рэгіёне: "Яго шматразовыя заклікі ўспрымаюцца як знак салідарнасці з ахвярамі вайны і як маральная падтрымка міру. Людзі адчуваюць яго словы як падбадзёрванне і ўмацаванне. Нічога так не чакаюць, як згоды і міру".

Арцыбіскуп падкрэсліў, што Святы Пасад валодае маральным аўтарытэтам для пабудовы мастоў паміж бакамі. Шмат "дробнай працы" ў гэтым кірунку, паводле яго слоў, робіцца ў цішыні.

У тым жа інтэрв'ю арцыбіскуп Генсвайн таксама выказаў удзячнасць Льву XIV за яго нядаўняе інтэрв'ю, у якім Пантыфік нагадаў пра каталіцкую пазіцыю па шматлікіх пытаннях, у тым ліку па перспектывах жаночага святарства і благаслаўлення аднаполых пар. Іерарх ацаніў гэтыя выказванні як "вартыя павагі і падзякі".

Арцыбіскуп Георг Генсвайн ужо год з'яўляецца апостальскім нунцыем у Балтыйскіх краін з рэзідэнцыяй у Вільні.
 

25 верасня 2025, 11:09