Пошук

Кардынал Жан-Марк Авелін Кардынал Жан-Марк Авелін   (Vatican Media)

"Мы адстаём ад Духа Святога" – кардынал Авелін пра бум хростаў

Старшыня Канферэнцыі Біскупаў Францыі разважае пра феномен рэкорднай колькасці хростаў дарослых і выклікі іх інтэграцыі ў Касцёл.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"Мы падрыхтавалі ўваходныя дзверы, але многія ўвайшлі праз акно", - такімі словамі кардынал Жан-Марк Авелін з Марсэля апісвае сітуацыю з беспрэцэдэнтным ростам колькасці хростаў дарослых у Францыі. У інтэрв'ю "La Croix" ён прызнаецца, што гэты феномен стаў для біскупаў поўнай нечаканасцю.

Сапраўдны выклік пачынаецца пасля хросту

Паводле арцыбіскупа Марсэльскага, сапраўдны выклік пачынаецца пасля хросту. "Гэтыя маладыя людзі ўжо адкрылі Хрыста, але яшчэ не ведаюць Касцёла", - заўважае ён, падкрэсліваючы адрозненне ад яго ўласнага пакалення, "якое спачатку вырастала ў Касцёле, а потым асабіста адкрывала Хрыста".

Адказваючы на гэты выклік, біскупы рэгіёна вырашылі склікаць мясцовы сінод. У Марсэльскай архідыяцэзіі ўжо створана спецыяльнае служэнне для новаахрышчаных, такія ініцыятывы з'яўляюцца і ў іншых дыяцэзіях. Кардынал Авелін перакананы, што неабходна распрацаваць доўгатэрміновую праграму суправаджэння новаахрышчаных.

Супольнасць – аснова хрысціянскай веры

Французскі іерарх заўважае, што многія кандыдаты да хросту кажуць пра пошук уласнай ідэнтычнасці. Не адмаўляючы важнасці гэтай патрэбы, ён адначасова засцерагае ад небяспекі скажэння: "Ідэнтычнасць без імкнення да супольнасці патэнцыяльна небяспечная".

"Стварэнне супольнасці – гэта аснова хрысціянскай веры, - падкрэслівае кардынал Авелін. - Каб супольнасць магла ўзнікнуць, кожны павінен ведаць свае карані і чэрпаць з уласнай культуры".

Статыстыка сведчыць пра маштаб з'явы: толькі на мінулы Вялікдзень у Францыі прынялі хрост каля 18 тысяч дарослых і падлеткаў ва ўзросце ад 11 да 17 гадоў. У параўнанні з 2024 годам колькасць хростаў дарослых вырасла на 45 працэнтаў. Прыкметна, што сярод новаахрышчаных значную частку складае моладзь з акадэмічнага асяроддзя.
 

18 верасня 2025, 10:42